90 лет отметила ветеран войны из Шумилино Раиса Беззубенко

Людзі і лёсы

З пачуццём гумару і жыццёвай сілай
Адкуль браць жыццёвыя сілы, калі за плячыма 90 год? Цікава, што думае, як адчувае сябе чалавек, які, жывучы сваё ўласнае жыццё, назіраў за тым, як мяняюцца эпохі, норавы, погляды…
Раіса Міхайлаўна Бяззубенка нарадзілася ў Тамбове. 16-цігадовай дзяўчынкай, калі пачалася Вялікая Айчынная, пайшла працаваць  на ваенны завод. Успамінае, што для яе падстаўлялі спецыяльную прыступку, бо не хапала росту, каб працаваць за станком. Узгадваючы сваё пасляваеннае жыццё, жанчына прызнаецца, што заўжды прыходзілася шмат працаваць. Будоўля гэта, ці праца на каменяломні ў Керчы, куды трапіла па камсамольскай пуцёўцы – адпачываць ніколі не выпадала. Яе ў свой час не пужалі ні сібірскія маразы (жылі ў Пракоп’еўску Кемераўскай вобласці), ні пераезды з малымі дзеткамі. Колькі іх за жыццё было…
З 1962 года і да сённяшняга дня Раіса Міхайлаўна жыве ў Шуміліне. Тут пазнаёмілася з мужам Мікалаем Карпавічам, з якім сёння разам сустракае сталасць. Тут яны пабудавалі дом, у які так любяць прыязджаць дзеці, унукі, праўнукі. “Калі чалавек патрэбны, у яго абавязкова з’яўляюцца сілы”, – падзялілася жыццёвай мудрасцю старэйшая дачка. Кацярына жыве ў Крыму, але прыязджае ў родны дом пры любой магчымасці. Дочкі (а іх у сям’і трое) і сын прызналіся, што ад маці ў спадчыну ім перайшлі пачуццё гумару, жыццёвая сіла і аптымізм. Яны, і самі ўжо з багатым жыццёвым вопытам, заўжды раўнуюцца на сваю дарагую любімую матулю, зычаць ёй заставацца прыгожай, здаровай, заставацца тым арыенцірам, які ў любой няпростай жыццёвай сітуацыі дадае сіл і ўпэўненасці. “Такіх, як наша мама, на свеце больш няма ”, – зрабілі трапяткое прызнанне дзеці.
“Гэта наш родны дом, тут выраслі не толькі мы, але і нашы дзеці”, – расказвае дачка Таццяна, доктар, сённяшняя мінчанка. – У горадзе, “на асфальце”, хіба магчыма як след адпачыць дзецям, таму кожнае лета яны тут. Наша мама наогул, чым можа, заўжды нам дапамагае”.
Калі былі сілы, прызналася Раіса Міхайлаўна, і чацвёра свіней трымалі, і курэй, і вялікі агарод. Але нельга не заўважыць, што і сёння сядзіба іх надзвычай дагледжаная, у парадку і агарод. У гэтым дапамагае дачка Алена, якая працуе сацыяльным работнікам, даглядае старых.
У Шуміліне жанчына працавала на розных пасадах у райспажыўтаварыстве. Там рупіўся і муж. Таму ім было асабліва прыемна, што іх уклад у развіццё прадпрыемства не забыты, што сённяшнія работнікі прыехалі павіншаваць свайго ветэрана, паднесці кветкі і падарунак з нагоды такога важкага юбілею. Не зважаць на гады, радавацца жыццю зычыла Раісе Міхайлаўне старшыня раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава. Кацярына Фамінічна павіншавала юбілярку, уручыла памятны падарунак.
У свае 90 год Раіса Міхайлаўна сапраўды вельмі молада выглядае. Вядома, гады нагадваюць пра сябе, але гэта зусім не перашкаджае жанчыне шмат чытаць, мець светлы розум, з аптымізмам глядзець у будучае.
Мы таксама зычым юбілярцы моцнага здароўя і заўжды добрага настрою.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №78 ад 06.10.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *