Районный праздник «Обольское болото — жемчужина Поозерья» прошёл в г.п. Оболь

Актуалии Край шумілінскі Экология

У людзей жа нафта, газ, цёплае мора, а ў нас — адно балота, часта кажам мы.
Ну, па-першае не адно. Па-другое ж, а што мы ведаем пра балота? Хіба толькі тое, што там растуць брусніцы і журавіны. Разагніцеся.

Помнік сокалу-дзербніку ўстаноўлены на тэрыторыі Обальскай СШ

Прыгледзьцеся пільней — і вы ўбачыце прама пад нагамі марошку, расянку, любку двухлісцевую і іншыя надзвычай рэдкія расліны, якія занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Азірніцеся навокал — і вы ўбачыце, якая навокал прыгажосць, якая цнатлівая чысціня балотных азярцоў, а іх тут звыш двухсот. Паглядзіце ўгору — і можа вам пашчасціць убачыць магутнага арла-беркута з двухметровым размахам крылаў, ці малога падорліка, ці сокала-дзербніка — вельмі рэдкую птушку, якая стала сімвалам Обальскага балота.
А менавіта Обальскаму балоту і было прысвечана двухдзённае раённае свята “Обальскае балота — жамчужына Паазер’я”, якое адбылося 16–17 ліпеня. Якраз у дзень нараджэння Шумілінскага раёна. Годны падарунак на імяніны.
Ідэя правесці свята раённага маштабу, прысвечанае Обальскаму балоту, прыйшла да яго вялікіх прыхільнікаў — дырэктара Обальскай СШ Аляксандра Мікалаевіча Штокіна і кандыдата біялагічных навук, арнітолага, старшыні ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) Уладзіміра Валянцінавіча Іваноўскага. Падтрымала кіраўніцтва раёна, раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама спецыялісты Казьянскага заказніка.
Улада падтрымлівае

А. М. Зайцаў, У. В. Іваноўскі, А. М. Штокін

За дасягненні ў вывучэнні фауны і флоры Шумі-лінскага раёна, экалагічнае выхаванне падрастаючага пакалення, актыўны ўдзел у ажыццяўленні прыродаахоўных мерапрыемстваў, у сувязі з Міжнародным годам беялагічнай разнастайнасці і раённым святам «Обальскае балота — жамчужына Паазер’я» Падзяка старшыні райвыканкама аб’яўлена дацэнту Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдату біялагічных навук Уладзіміру Валянцінавічу Іваноўскаму.
Узнагароду ўручыў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў.

“Разбудзіце сонную прыгажуню”

Кіраўнік Казьянскага заказніка М. Грэчка, загадчык кафедры батанікі ВГУ У. Мяржвінскі, галоўны спецыяліст абалснога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Т. Ясуліна, старшыня ГА "АПБ" У. Іваноўскі

Трэба любіць свой край. І ганарыцца ім. І ведаць яго. А мы не ведаем. Ходзім па золату і не заўважаем гэтага. І чамусьці вочы нам адкрывае чалавек, які вырас не на шумілінскай зямлі, а прыехаў сюды з далёкага Дагестана. На яго радзіме жылі магутныя арлы, і калі ў 1972 годзе ён трапіў на Обальскае балота і ўбачыў тут арла-беркута, нешта ў душы скаланулася, нешта прымусіла яго прыязджаць сюды яшчэ і яшчэ. Гэта пра Уладзіміра Валянцінавіча Іваноўскага, які праводзіць “круглы стол” па тэме “Сёння і заўтра Обальскага балота”. У камп’ютарным цэнтры Обальскай СШ сабраліся прадстаўнікі грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, абласной і раённай экалагічных інспекцый, настаўнікі, школьнікі. Усе слухаюць знаўцу балот, стаіўшы дыханне. Ён майстра расказваць. І чым далей слухаеш, тым больш ловіш сябе на думцы: як жа мы, хто вырас тут, далёкія ад таго, што побач.
Разбудзіце сонную прыгажуню — Обальскае балота і пакажыце яго людзям. З такой просьбай-запаветам Уладзімір Валянцінавіч звяртаецца найперш да моладзі. Балота, падкрэслівае ён, уяўляе сабой не толькі экалагічную каштоўнасць, навуковы і вучэбны матэрыял, але і камерцыйны інтарэс. Обальскае балота — адно з нямногіх балот Беларусі, якое захавала свой першародны воблік. Каб убачыць яго, сёння многія замежныя турысты гатовы плаціць валюту, як, дарэчы, і робяць у Расонскім раёне, дзе зрабілі экалагічную сцежку па балоце і паспяхова прымаюць турыстаў.
14 працэнтаў агульнай плошчы Шумілінскага раёна займаюць балоты, расказвае за “круглым сталом” начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя С. Д Карнякоў. 17380 гектараў пад балотамі, у тым ліку пяць тысяч — пад Обальскім. Яно вельмі багатае на чырвонакніжнікаў — тут зарэгістраваны 21 від раслін, 47 — жывёлы, у тым ліку 44 — птушкі.
І гэта ўсё наша. Хіба не багацце!

Вопыты. Даследаванні. Вынікі.

У. В. Іваноўскі і Раман Зязюлька

Абарона вучнёўскіх экалагічных праектаў стала часткай грандыёзнага свята. Аказалася, маладым даследчыкам свайго краю, роднай прыроды ёсць што паведаміць вопытным навукоўцам. Яны здатныя спрачацца, даводзіць сваю думку, а вынікі іх працы часта аказваюцца цікавымі і надзвычай  каштоўнымі.
Дзеці гадамі вывучаюць якасць вады мясцовых вадаёмаў, назіраюць за рэдкімі птушкамі, ведаюць асаблівасці расліннага і жывёльнага свету сваёй мясцовасці, лёгка пералічваюць чырвонакніжных прадстаўнікоў флоры і фауны, якія водзяцца паблізу. Больш таго, дадуць дакладнае іх апісанне і прад’явяць рэальныя, самастойна зробленыя фотаздымкі. Ім гэта цікава. Яны на гэта хварэюць. Часта распачатую навуковую работу выпускніка працягваюць яго малодшыя паслядоўнікі. І гэтая апантанасць, як і належыць, дае вынікі.
Рамана Зязюльку, суравенскага васьмікласніка, ведаюць далёка за варотамі  яго невялікай вёсачкі. “Запаведанне  векавых і ўнікальных дрэў у наваколлі заказніка “Казьянскі” — над работай пад такой назвай ён ўпарта працуе ўжо трэці год, а абарона яе гучала ўжо не на адной навуковай канферэнцыі, у тым ліку рэспубліканскага маштабу. І дзякуючы менавіта гэтым даследаванням у нашым раёне з’явіліся першыя батанічныя помнікі прыроды.
Ім, апантаным, на чале з кіраўніком Зязюлькай Г. У., удалося захапіць працай па вывучэнні ўнікальных дрэў і іншых цікаўных са школ раёна. І цяпер гэта агульная работа павінна выліцца яшчэ і ў стварэнне картатэкі векавых дрэў і выданне адпаведнай брашуры. І ўсё атрымаецца, бо дагэтуль пакуль тое, што было запланавана, абавязкова ўдавалася здзейсніць.
Экалагічная работа заўжды зацягвае, заварожвае. І пачынаць трэба як мага раней. Як Аліна Траццякова са Слабадской школы, якая ў свае 11 год ужо ўдзельнічала ў маніторынгу вады мясцовай рачулкі.
Людзям вопытным, з істотным стажам навуковай дзейнасці заўжды цікавы менавіта гэты, самы першы вопыт. Бо менавіта на такіх канферэнцыях нараджаюцца будучыя свяцілы нацыянальнай навукі. Галоўнае, убачыць, ацаніць, змагчы запаліць.

Экалагічныя коміксы
Ва ўсім свеце папулярнасцю карыстаюцца коміксы. А галоўныя іх прыхільнікі — дзеці. Вопыт многіх краін паказвае, што праз коміксы можна ўплываць на погляды дзяцей, прывіваць культуру паводзінаў. На свяце была арганізавана майстэрня па стварэнню коміксаў, заснаваных на сюжэтах, якія паказваюць флору і фаўну Обальскага балота. Анастасія Штокіна расказала пра тэхніку выканання, і дзеці пачалі маляваць. Непасрэднасць, дзіцячая наіўнасць і ўпэўненасць у будучым былі ва ўсіх коміксах. Дарэчы, кожны “аўтар” коміксаў атрымаў падарунак ад АПБ.

Пабудуйце гняздо для сокала

У. В. Іваноўскі праводзіць майстар-клас па ўладкаванні гняздоўяў для драпежных птушак

Як многа ён ведае пра птушак — Уладзімір Валянцінавіч Іваноўскі. Апантаны, захоплены, поўны энергіі і жадання зберагчы багацці балот. Вось ён ужо праводзіць майстар-клас па вырабу штучных гняздоўяў для птушак. У ход ідзе дзіравае вядро, бачок без дна. Трэба толькі ля дна набіць цвіком дзірачкі, працягнуць крыж накрыж шпагат, пакласці на дно кардонку, потым засыпаць ляснымі шышкамі, сухой травой ці забіць туды купіну. І ўсё — гняздо гатова.
Майстар-клас мае поспех. І мы ўжо перажываем: а дзе сяліцца таму ж сокалу-дзербніку, які сам не будуе гнёзды, а сучасныя вароны, чыімі старымі гнёздамі ён карыстаецца, сёння актыўна рушылі на жыццё да горада? Трэба збіраць дзіравыя вёдры — і на балота.

Птушка з гліны
Інтарэс выклікаў майстар-клас па вырабу птушак з гліны, які праводзіў кіраўнік гуртка Цэнтра пазашкольнай работы У. П. Каласкоў. У руках майстра гліна ўмомант пераўтваралася ў свістулькі, медальёны, птушак… Можна было і самім вылепіць што-небудзь. Самымі смелымі аказаліся дзеці. Паспрабавалі сябе ў майстар-класе і госці са сталіцы. «Магчыма, запросім Уладзіміра Пятровіча Каласкова на чарговы з’езд АПБ, каб госці, у тым ліку і замежныя, маглі таксама папрацаваць з гэтым прыродным матэрыялам», — паведаміла спецыяліст АПБ Кацярына Ціхно.

“Птушыныя разумнікі” —
пад такой назвай правёў конкурс спецыяліст па экалагічнай адукацыі АПБ Руслан Шайкін. На пытанні віктарыны адказвалі і дарослыя, і дзеці. За кожны пра-вільны адказ — падарунак ад АПБ — паштоўка з выявай птушкі, буклет ці плакат.
Працяг віктарыны — экскурсія ў лес. Руслан Шайкін расказваў і, калі ўдавалася, паказваў птушак, пра якіх пыталіся ў віктарыне. І многія ўпершыню для сябе адкрывалі багаты і непаўторны свет птушак.

Спявалі  разам
А якое свята без музычнага суправаджэння? Работнікі культуры таксама не засталіся ў баку і арганізавалі для гасцей, удзельні-каў мерапрыемства, жыхароў Обалі добры канцэрт — з песнямі пра радзіму, любоў да роднага краю. Тым самым далі адпачыць пасля напружанага спякотнага дня з даволі-такі насычанай праграмай.
А дыскатэка паставіла кропку ў першым дні экалагічнага фэсту.

Падарожжа з сюрпрызамі
Каля шасці кіламетраў па рацэ Обаль на катамаране, звыш трох гадзін на вадзе — гэта калі коратка і суха сказаць пра экалагічную экспедыцыю па тэрыторыі Казьянскага заказніка. Тут гідамі выступілі вядомы арнітолаг Руслан Шайкін і загадчык кафедры батанікі ВДУ, кандыдат біялагічных навук Леанард Мяржвінскі. Яны зрабілі з гэтага падарожжа сапраўдную экспедыцыю з цікавымі каментарыямі, арніталагічнымі і батанічнымі адкрыццямі.
Падчас падарожжа сустрэлі дзве драпежныя птушкі — сокала-дзербніка і васаеда. Як адзначыў Р. Шайкін, заўважыць двух драпежнікаў на такой невялікай тэрыторыі — вялікая рэдкасць.
Цікавыя былі і батанічныя знаходкі. Падзівіліся хараством высокай рагулькі, занесенай у Чырвоную кнігу. Шмат эмоцый падарыла сустрэча з папараццю “страусінае пяро”, якая знаходзіцца пад пагрозай знікнення.

Звінелі косы над Вішняй
Абавязковы элемент кожнага свята – конкурсы і гульні. На свята Обальскага балота запрасілі паспаборнічаць касцоў. Справа ў тым, патлумачыў арнітолаг У. В. Іваноўскі, што многім жывёлам і птушкам для жыцця патрэбны тэрыторыі з нізкай травой. Калі раней выкошваліся лугі нават на лясных палянах, на балотах, то за апошнія часы лясныя ускрайкі, паляны, балоты зарастаюць высокай травой, хмызняком, асіннікам і алешнікам. Такія тэрыторыі неабходна выкошваць, каб захаваць біялагічную разнастайнасць.
Першы раз конкурс сабраў чатыры каманды ад прадпрыемстваў раёна (ад ПМК-70, ААТ “Лаўжанскае” і дзве каманды прадстаўляла “Шумілінарайгаз”). А ў сямейнай намінацыі паказала сваё ўменне сям’я Штокіных.
Усе ўдзельнікі аднесліся да конкурсу з адпаведнай адказнасцю, ды і інструмент прывезлі свой, наладжаны пад уласную руку. Строгае журы ацэньвала не толькі хуткасць, але і якасць касьбы, майстэрства касцоў.
Спаборніцтвы атрымаліся цікавымі. Калі на выдзеленых участках трава была складзена ў валок, журы падвяло вынікі. Першае месца занялі касцы з ААТ “Лаўжанскае” (Эрык Вашчанка і Аляксандр Чарнічэнка), другое і трэцяе — каманды з райгазу. Намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў уручыў прызёрам ганаровыя граматы і каштоўныя падарункі. Ён выказаў упэўненасць, што свята стане традыцыйным і конкурс касцоў на наступны год прыцягне большую колькасць удзельнікаў.
Пасля падвядзення вынікаў галоўным прызам для ўсіх стала падарожжа на возера Расалай, дзе чакала парусная флатылія…

Ветразі над Обальскім балотам
Возера Расалай — адно з буйных азёр нашага раёна, месціцца ў самым цэнтры казьянскіх лясоў і балот. Да свята леснікі ўладкавалі на беразе возера ўтульную пляцоўку для адпачынку з альтанкай, сапраўдным турысцкім вогнішчам, сталамі і лаўкамі. На беразе абсталяваны невялікі прычал, ля якога стаяць парусныя катамараны. Пасля інструктажу, які правёў Анатоль Бычкоў, удзельнікі паруснай рэгаты адправіліся ў пробны заплыў з заданнем “злавіць вецер”. Астатнія з асалодай пагрузіліся ў цёплыя воды ляснога возера, ратуючыся ад спякоты і сляпнёў, якія не давалі ні хвіліны спакою.
Пасля няўдалых спроб некаторым удзельнікам рэгаты ўсё-такі ўдалося праплыць пад ветразем. А відовішча белых ветразяў, што разразаюць спакой азёрнай роўнядзі на фоне бяроз і сосен, здавалася нібы перанесеным з далёкіх краін, з марскога ўзбярэжжа.
Цудоўны час прамільгнуў хутка. Пры падвядзенні вынікаў свята “Обальскае балота – жамчужына Паазер’я” адзначылі, што неабходна прыцягнуць большую ўвагу да прыгожых мясцін шумілінскага краю. Экскурсіі, турыстычныя паходы дапамогуць пашырыць веды аб роднай прыродзе, маюць значэнне ў патрыятычным выхаванні дзяцей.
Да таго, гэтая прыгажосць — значны эканамічны патэнцыял для развіцця рэгіёна, для інвестыцый ў турыстычную сферу Шуміліншчыны, для стварэння новых рабочых месцаў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *