Прямой разговор власти с населением

Актуалии Президент

“Шукаць магчымасць рашыць пытанне”
У мінулую суботу “прамую лінію” з насельніцтвам вобласці праводзіў старшыня аблвыканкама М. М. Шарснёў. Адначасова у раёнах і гарадах Віцебшчыны сувязь з насельніцтвам трымалі кіраўнікі мясцовай улады.
Напачатку “прамой лініі”, у рэжыме відэаканферэнцыі кіраўнік вобласці звярнуўся да рэгіянальных уладаў і заўважыў, што характар і колькасць пытанняў да абласнога кіраўніцтва паказваюць, што на месцах недапрацоўваюць. На абласны ўзровень выносяцца такія пытанні, якія не павінны ўзнікаць наогул, бо іх трэба выяўляць і рашаць у рабочым парадку. Але складваецца ўражанне, што ад гэтых праблем розныя службы і арганізацыі на месцах проста адпіхваюцца. “Трэба шукаць магчымасць рашыць пытанне, а не адмовіць заяўніку”, – падкрэсліў Мікалай Мікалаевіч.
Дарэчы, ён адзначыў, што агульнымі намаганнямі ўдалося зняць самае вострае праблемнае пытанне – выплата зарплаты ў сельгасарганізацыях. У асноўным зарплата за ліпень выплачана, арганізацыі, дзе ёсць праблемы, знаходзяцца на асаблівым кантролі ў аблвыканкаме. За адзін-два тыдні павінны выплаціць заробкі і за жнівень.
На працягу трох гадзін старшыня аблвыканкама выслухаў трыццаць тры тэлефанаванні. Пераважная большасць тых, хто змог дазваніцца (22 тэлефанаванні) – жыхары абласнога цэнтра, званілі таксама з Полацка і Талачына, Сянно і Браслава, Чашнікаў і Оршы, Віцебскага, Сенненскага і Докшыцкага раёнаў.
У “лідарах” традыцыйна праблемы жыллёва-камунальнай гаспадаркі: якасць рамонтаў жылога фонду, чарга на капрамонт, рамонт вуліц і дарог, не працуе каналізацыя, сапсаваўся водаправод і іншыя. Усе пытанні адрасаваліся адпаведным службам ці рэгіёнам для вывучэння і ліквідацыі хібаў у працы.
Шэраг пытанняў быў звязаны з прыватызацыяй жылля. Юрыдычная служба аблвыканкама атрымала даручэнні па вывучэнні гэтых зваротаў жыхароў вобласці. Былі і “зарплатныя” тэлефанаванні: па затрымцы заробкаў у прыватных наймальнікаў, на ААТ “КІМ”, які абанкруціўся.
Некаторыя грамадзяне ўзнімалі грамадскія праблемы, напрыклад, па стварэнні спецыялізаванага спартыўнага цэнтра для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. М. М. Шарснёў падзякаваў заяўніку за актыўную пазіцыю і  прапанаваў яму разам са спецыялістамі вывучыць магчымасць рашэння праблемы на існуючай базе, бо для будаўніцтва новага цэнтра зараз няма сродкаў. А былі і зусім дробныя пытанні, накшталт “замяніць лямпачку на  вулічным слупе”, прычым заяўнік нікуды не звяртаўся, а адразу вырашыў турбаваць кіраўніка вобласці. У такіх выпадках узнікае думка: “Нашто марнаваць час такой драбязой, а тым часам, магчыма, не змог дазваніцца той, каму сапраўды была патрэбна дапамога”.
У нашым раёне па “прамой лініі” да старшыні райвыканкама У. П. Кураннога патэлефанавалі чатыры чалавекі, з іх тры – па пытаннях жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Адну заяўніцу турбавала зламаная вадасцёкавая труба, з-за якой вада льецца па сцяне дома і ў кватэры сырасць, другая прасіла адрамантаваць вулічнае асвятленне ў Тарфяным завулку, трэцяя прасіла растлумачыць, чаму з яе доўгі тэрмін не бралі плату за вывазку смецця, а цяпер выставілі круглую суму, якую цяжка выплаціць. Чацвёрты званок быў са скаргай на работнікаў раёна электрычных сетак, якія абразалі дрэвы каля ліній электраперадач па вуліцы, а абрэзанае галлё за сабой не прыбралі.
Пытанні старшыня райвыканкама адрасаваў адпаведна дырэктару УП ЖКГ І. К. Штуро і начальніку РЭС Д. В. Муркову.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў № 76 ад 29.09.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *