Парушэнні ў Дрэтуньскім лясгасе
Планавай праверкай ДЛГУ “Дрэтуньскі лясгас” КДК Віцебскай вобласці ўстанавіў факты парушэнняў Ляснога кодэкса РБ, Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7.05.2007 г. №214 “Аб некаторых мерах па ўдасканаленні дзейнасці ў сферы лясной гаспадаркі”, іншых нарматыўных прававых актаў у вобласці аховы навакольнага асяроддзя пры правядзенні высечак галоўнага і прамежкавага карыстання, устанавіў прыпіскі аб’ёмаў выкананых работ, незаконныя высечкі дрэў, парушэнні заканадаўства пры выкарыстанні (расходаванні) бюджэтных сродкаў.
За выяўленыя праверкай парушэнні КДК вобласці прыцягнуў да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў 19 работнікаў лясгасу, а таксама юрыдычную асобу.
Незаконна атрыманыя, а таксама выкарыстаныя не па мэтавым прызначэнні бюджэтныя сродкі вернуты лясгасам на бюджэтны рахунак.
Загадам па “Дрэтуньскаму лясгасу” да дысцыплінарнай адказнасці (вымова) прыцягнута 12 работнікаў.
“Прамыя лініі”
Кіраўніцтва КДК на Віцебшчыне пастаянна праводзіць прыёмы грамадзян і “прамыя лініі”. Сёлета іх было праведзена 15 і 22 адпаведна, падчас якіх паступіла 75 зваротаў.
Так, у прыватнасці, дзякуючы тэлефоннаму званку ад жыхароў Пастаўскага раёна старшыні Камітэта дзяржкантролю Беларусі Л. В. Анфімаву, было вырашана пытанне захавання запраўкі ў невялікім пасёлку Лынтупы, якую ўласнік збіраўся зачыніць у сувязі з нерэнтабельнасцю. У рашэнні праблемы былі задзейнічаны Пастаўскі райвыканкам і РУП “Беларуснафта-Віцебскнафта-прадукт”.
Паступіла скарга аб нездавальняючым транспартным абслугоўванні паміж г. п. Руба і в. Жалезнякі. Па дадзеным маршруце 4 разы ў ты-дзень курсіраваў аўтобус на 30 месцаў, які, як правіла, ужо перапоўнены следаваў з Віцебска і ў пасёлку зачастую нават не спыняўся. Было праведзена абследаванне пасажырапатокаў і як вынік – зараз па дадзеным маршруце курсіруюць аўтобусы большай умяшчальнасці.
Нізкія тэмпы палявых работ
КДК Віцебскай вобласці ў верасні праведзены кантрольныя мерапрыемствы ў сельскагаспадарчых арганізацыях Шаркаўшчынскага раёна па пытаннях ходу ўборкі ўраджаю і сяўбы азімых культур пад ураджай 2016 года.
Устаноўлены нізкія тэмпы вядзення палявых работ з-за адсутнасці дызпаліва, незабяспечанасці мінеральнымі ўгнаеннямі, нізкай гатоўнасці сельгастэхнікі.
Віцебскаму аблвыканкаму і Шаркаўшчынскаму райвыканкаму прапанавана прыняць меры па ўхіленні выяўленых парушэнняў, а таксама прыцягнуць да адказнасці вінаватых асоб.
За што можна пазбавіцца ліцэнзіі?
КДК Віцебскай вобласці інфармуе, што згодна са змяненнямі, унесенымі ў 2015 годзе ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1.09.2010 г. № 450 “Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці”, наяўнасць у суб’екта аптовага ці рознічнага гандлю пратэрмінаванай запазычанасці два і больш разоў на працягу каляндарнага года па разліках за пастаўленыя алкагольныя напоі з’яўляецца грубым парушэннем і трапляе пад адміністрацыйную адказнасць, якая прадугледжвае прыпыненне ці спыненне дзеяння ліцэнзіі.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў № 76 ад 29.09.2015 г.