З удзячнасцю лёсу і гадам
Багаты на прысмакі стол, мора кветак, шчырыя віншаванні родных, сяброў, калег, суседзяў. Менавіта так уяўляецца юбілей. А тое, што юбілярка адзначае, ні многа ні мала, а 90 год, надае гэтаму святу ноту асаблівай урачыстасці.
Калі дзеці сталі настойваць на тым, што такую важкую дату варта спраўляць не менш, як у кафэ, Таісія Усцінаўна Губрэслава на правах юбіляра катэгарычна заявіла: толькі дома. Дома, дзе пражыла столькі год; дома, дзе вырасціла траіх выдатных дзяцей; дома, куды ездзяць у госці шасцёра ўнукаў і сямёра праўнукаў; дома, дзе так утульна і спакойна, дзе нават сцены дапамагаюць не зважаць на гады, а рупіцца, рухацца, сачыць за імклівым жыццём і верыць у будучае.
Таісія Усцінаўна багатая той мудрасцю, той жыццёвай пільнасцю, якія дазваляюць беспамылкова бачыць людзей, прымаць правільныя рашэнні, годна ісці па звілістым і непрадказальным жыццёвым шляху. Так здаецца. Пра гэта гаварылі шматлікія госці. Усе адзначалі сумленнасць, дабрыню, разважлівасць юбіляркі, зычылі ёй здароўя і яшчэ доўгіх год.
“Не старасць страшная, страшна тое, што ў гэтай старасці сілы пакідаюць чалавека”, – трапна заўважыла Таісія Усцінаўна. Ёй, як чалавеку надзвычай актыўнаму, спраўнаму, няпроста вось так узяць і сцішыць хаду, крыху прытармазіць імклівасць жыцця. Гады патрабуюць павольнасці, але ж гэта і сапраўды можна сабе дазволіць, калі побач ужо даўно самастойныя дзеці, унукі, якія паспяхова адбыліся і ў прафесіі, і ў асабістым жыцці. Яны частыя госці на бацькоўскай сядзібе ў Язвіне, яны не пакідаюць маці і бабулю адну надоўга. А Таісія Усцінаўна, у сваю чаргу, вельмі ганарыцца імі.
Вось сын Аляксандр. У Паставах, дзе жыве, яго ведаюць як аўтарытэтнага хірурга, які каля 30 год адпрацаваў загадчыкам аддзялення. Побач яго жонка Антаніна, таксама доктар – педыятр. Шчыра віншуе бабулю і іх дачка Святлана, якая прыехала разам з мужам. Прыехала ў дом, які на ўсё жыццё застанецца ў памяці смачнымі бабулінымі прысмакамі. У Віцебску асталявалася дачка Тамара (таксама доктар), у Мінску – сын Віктар.
Па ўсёй Беларусі раз’ехаліся дзеці і ўнукі жанчыны, адусюль шлюць ёй прывітанні і віншаванні. І здалося, што Таісіі Усцінаўне вельмі б хацелася, каб хто-небудзь з яе блізкіх прыпыніўся на бацькоўскай сядзібе надоўга, на ўсё жыццё. Як, напрыклад, даўнія верныя сябры Валерый і Зінаіда Жандаравы. Яны побач у любы дзень, калі жанчыне патрэбна дапамога, побач з самымі шчырымі віншаваннямі і ў свята. Зінаіда Якаўлеўна дорыць жанчыне даччыныя любоў і клопат, асабліва, як не стала маці – добрай сяброўкі Таісіі Усцінаўны.
У юбіляркі наогул шмат сяброў, людзей, якія яе паважаюць, цэняць яе меркаванне, раяцца з ёй. Таісія Усцінаўна займае актыўную грамадскую пазіцыю, ёй не ўсё роўна, што робіцца ў свеце, у краіне, у яе роднай вёсачцы, у якой аж з 1947 года працавала загадчыцай магазіна. З ёй лёгка ўступаць ва ўзаеміны. Гады толькі шліфуюць трапнасць слова, выдатнае пачуццё гумару і востры розум.
“Гэта вельмі сучасная жанчына”, – ёміста ахарактарызавала юбілярку старшыня раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава. Кацярына Фамінічна прывезла з сабой не толькі падарункі і цёплыя віншаванні, але і душэўную песню. Палічылі сваім доўгам павіншаваць ветэрана арганізацыі і работнікі райспажыўтаварыства. Не ўдалося трапіць за святочны стол сацыяльнаму работніку, але Таісія Усцінаўна не раз узгадала добрым словам Святлану Бяззубенка, якая ўжо на працягу сямі год ва ўсім дапамагае жанчыне, у тым ліку і падтрымліваць такі выдатны парадак у доме.
А наогул, свята атрымалася вясёлым, гаманкім, багатым на ўспаміны, добрыя пажаданні, падарункі. Думаецца, што Таісія Усцінаўна Губрэслава падмацавала гэтым свае жыццёвыя сілы і абавязкова справіць і 100-гадовы юбілей, на які ўжо “напрасіліся” госці. З юбілеем!
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №75 ад 25. 09. 2015 г.