У крамах мала айчынных тавараў
Спецыялісты КДК Віцебскай вобласці ў жніўні правялі кантрольныя мерапрыемствы ў шэрагу гандлёвых аб’ектаў у Віцебску, Оршы, Полацку, Верхнядзвінскім і Мёрскім раёнах.
Вынікі сведчаць, што з-за паслабленага кантролю з боку асобных кіраўнікоў гандлёвых арганізацый, а таксама мясцовых органаў улады дапушчаны шэраг выпадкаў адсутнасці ў продажы тавараў айчынных вытворцаў, не на належным узроўні знаходзіцца якасць гандлёвага абслугоўвання насельніцтва.
Па выніках кантрольных мерапрыемстваў прымаліся аператыўныя меры па ўхіленні выяўленых парушэнняў, папаўненні асартыменту айчыннымі таварамі, прыцягненні вінаватых асоб да адміністрацыйнай і дысцыплінарнай адказнасці.
Усяго па матэрыялах праверак у жніўні 2015 года да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 31 правапарушальнік, да дысцыплінарнай – 15, да суб’ектаў гаспадарання прыменены эканамічныя санкцыі.
Убралі спісаны лён
У выкананне даручэння Кіраўніка дзяржавы Камітэт дзяржкантролю Віцебскай вобласці ажыццяўляе пастаянны кантроль па пытаннях развіцця льняной галіны. Праведзенымі кантрольна-аналітычнымі мерапрыемствамі ў дзвюх льнасеючых арганізацыях Лёзненскага раёна ўстаноўлена наступнае.
У ААТ “Лёзненскі льнозавод” замест 10 дзён, як патрабуе галіновы рэгламент, церабленне льну-даўгунца доўжылася 32 дні. Не вяліся работы па ўнясенні гербіцыдаў (а гліфасатныя прэпараты меліся ў наяўнасці) з-за таго, што гэтыя плошчы проста не былі вызвалены ад саломы зерневых культур.
У Лёзненскай льнонасенстанцыі сёлета лён быў пасеяны на плошчы 50 га без унясення калійных угнаенняў. Акрамя гэтага, тут было спісана 25 га пасеваў льну, аднак абследаваннем спісаных участкаў устаноўлена, што лён на іх быў выцераблены, у далейшым прадпрыемства планавала ўбраць і перапрацаваць льнотрасту з гэтых участкаў.
Па выяўленых парушэннях Віцебскаму аблвыканкаму і Лёзненскаму райвыканкаму даручана прыняць неадкладныя меры па ўхіленні выяўленых парушэнняў, а таксама прыцягнуць да адказнасці вінаватых асоб.
Нізкія запасы, нізкая гатоўнасць
Праведзены кантрольныя мерапрыемствы ў сельгасарганізацыях Браслаўскага раёна па пытаннях ходу сяўбы азімых зерневых культур.
Устаноўлена, што ў большасці гаспадарак раёна нізкія запасы дызельнага паліва (на 1-2 дні), нізкая забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі пад сяўбу азімых культур, адсутнасць гліфасатаў, нізкая гатоўнасць сельгастэхнікі да правядзення сяўбы азімых культур (са 101 адзінкі спраўныя толькі 62). Пры гэтым, напрыклад, у ААТ «Альшанка» з сямі плугоў спраўны толькі адзін.
Па выяўленых парушэннях Віцебскаму аблвыканкаму і Браслаўскаму райвыканкаму даручана прыняць неадкладныя меры па ўхіленні выяўленых парушэнняў, а таксама прыцягнуць да адказнасці вінаватых асоб.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў № 74 ад 22. 09. 2015 г.