22 верасня – без аўтамабіля
Сёння ўявіць сабе сучасны свет без аўтамабіляў немагчыма. Безумоўна, усе мы любім камфорт, а машына дорыць нам яго штодзень, акрамя таго, яна даўно стала прыкметай пэўнага статуса яе ўладальніка. Але ў мітусні штодзённых клопатаў мы не задумваемся пра тое, якую шкоду прыносіць гэты цуд тэхнікі навакольнаму асяроддзю і кожнаму з нас. А гэта шкода вельмі вялікая – забруджванне паветра, якое мы ўдыхаем кожную секунду, выхлапнымі газамі, і бясконцыя аварыі, у якіх гінуць тысячы людзей штодзень.
Менавіта па гэтых прычынах 22 верасня ў 1998 годзе французы пачалі адзначаць Дзень без аўтамабіля. Штогод у гэты дзень ва ўсіх краінах свету ўрад заклікае жыхароў планеты адмовіцца ад паездак на аўто на працягу мінімум аднаго дня. І ўсё большая колькасць людзей адгукаецца на гэтую просьбу.
Паважаныя жыхары Шуміліншчыны! Раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя запрашае далучыцца да акцыі “Дзень без аўтамабіля” і асеннім цёплым днём прагуляцца да работы і дамоў пешшу ці хаця б на веласіпедах.
Ірына БЛІЗНЕЦ, галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў
і аховы навакольнага асяроддзя.
Надрукавана ў № 73 ад 18. 09. 2015 г.