Світанкі сустракаюць разам
Мае субяседнікі – людзі тактоўныя, уважлівыя і сціплыя. З добрымі вачыма, усмешкай на твары, яны адразу выклікаюць прыхільнасць да сябе. Гаворка пра маладую сям’ю Алесі і Вячаслава Аксютаў з аграгарадка Башні.
Алеся і Вячаслаў жывуць разам дзесяць гадоў, муж працуе на «Вітконпрадукце», а жонка – у раённай гімназіі. У іх абодвух агульныя погляды і каштоўнасці ў жыцці. “Сям’я, дом, дзеці – гэта сімвалы шчасця, – лічаць муж і жонка. – І мы іх імкнёмся захаваць. Шчаслівая сям’я тая, у каго ўсё добра. Мы гордыя тым, што можам сябе аднесці да гэтай катэгорыі”.
Алеся расказала, што ў дзяцінстве разам з бацькамі жыла ў Азербайджане. Але ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі ў Нагорным Карабаху сям’я ў пачатку 90-х гадоў вымушана была перабрацца ў Беларусь. У Башнях Аксана закончыла сярэднюю школу, неўзабаве выйшла замуж. Нарадзіла двух сыночкаў. Арцём сёлета пайшоў у другі клас Башнёўскай школы, а Мікіта вучыцца ў шостым класе раённай гімназіі. Хлопцам пашанцавала на бацькоў, сцвярджаюць педагогі навучальных устаноў, яны клапатлівыя, вялікую ўвагу ўдзяляюць выхаванню, падтрымліваюць спартыўныя пачынанні сыноў, якія займаюцца футболам. Вячаслаў захапляецца тэхнікай, Алеся добра вяжа, вышывае, робіць розныя прыгожыя рэчы з бісеру і нават займаецца ткацтвам. Шкадуе, што ткацкі станок, якім раней часта карысталася, зламаўся.
Ёсць у сям’і Аксютаў і агульнае захапленне – рыбалка. Як ні дзіўна, на яе ходзяць усёй сям’ёй. Гэтага паходу на возера асабліва чакаюць дзеці. Так, менавіта паходу, бо сям’я з’язджае на рыбалку на цэлую ноч. Бяруць з сабой палаткі, запасы яды, цёплыя рэчы і плывуць па Будавесці на адзін з аблюбаваных астравоў. На рыбалку напрошваюцца і родзічы. Хлопцы асабліва любяць, калі разам з імі рыбаліць бабуля.
“Мы ловім рыбу на рызінку – гэта цікава і нескладана, – кажуць Аксюты. – Дастаткова адзін раз закінуць снасці, ну, а далей – пытанне рэакцыі рыбалова. Лічым, што такі спосаб лоўлі з лёгкасцю можа асвоіць любы, нават пачынаючы рыбак”. Нядаўна Аксюты злавілі шчупака, які “пацягнуў” амаль пяць кілаграмаў. Ну, а ля-шчы, плоткі, акуні былі больш сціплыя. Але і з іх юшка на прыродзе здалася ўсім смачнейшай за ўсе прысмакі на свеце. Вогнішча, сябры, рыбалка, зорнае неба, шчаслівыя твары дзяцей і радасць ад прыгажосці світанкаў – вось што значыць для Аксютаў рыбалка. Дадому кожны раз вяртаюцца з багатым уловам.
“Агульная справа заўсёды аб’ядноўвае, – лічаць Вячаслаў і Алеся Аксюты. – Зноў жа, на рыбалцы добра адпачываеш ад паўсядзённых дамашніх спраў, заспакойваешся. Пасля рыбалкі мы звычайна ўсёй сям’ёй гаспадарым на кухні: запякаем карасёў у смятане, робім фаршыраванага шчупака”.
У Аксютаў спакойныя і цёплыя адносіны паміж сабой. Яны лічаць, што галоўнае ў сямейным жыцці – саступаць адзін аднаму, ставіцца з павагай, умець слухаць і разумець.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 73 ад 18. 09. 2015 г.