На сядзібе ў Арсенцьеўны
На вуліцы сярэдзіна верасня, а ў Алены Арсенцьеўны ўся сядзіба ў кветках. У ціхім шумілінскім завулку Школьным цвітуць не толькі восеньскія вяргіні і маразянкі, тут буйства руж, бягоній і пеларгоній, бялюткага малачаю і ружовай гартэнзіі… Усё такое, як з карцінкі.
Гаспадыня рада ўвазе да сваіх любімцаў, з задавальненнем расказвае пра кожны новы від, радуецца сама іх незвычайным формам і афарбоўцы. Спыняемся каля руж, любуемся. Побач невялічкая цяплічка, праз адчыненыя дзверы якой бачу, што там сушыцца цыбуля. Ды якая! Арсенцьеўна перахоплівае позірк; “Во такая цыбуля ўрадзіла. Дачка выпісала аднекуль насенне, пасеялі, а як стала цёпла, перасадзілі расаду на градку, палівалі, даглядалі…”
Гладкія лукавіцы па кілаграму з гакам, вядома ж, уражваюць, як і ўсё на яе агародзе.
“Вы, напэўна, нейкі загавор ведаеце?” – пытаюся ў гаспадыні гэтага расліннага царства. “А як жа, – усміхаецца яна, – ёсць у мяне загавор, вывучыла яго яшчэ ў дзяцінстве…”
Яе дзяцінства было апалена вайной. Але цікава, што менавіта ў той страшны час у яе душы нарадзілася любоў да кветак. А можа гэта і заканамернасць, бо сярод болю і страт душа з асаблівай прагнасцю імкнецца да прыгажосці.
Кветкі прынёс бацька. Яго, інваліда Грамадзянскай вайны, на фронт не ўзялі, ён быў у запасе. Як і адкуль ён прынёс тыя кветкі, яна не ведае, але і зараз яны стаяць перад вачыма – яркія ружовыя. “Як яны называюцца?” – спытала ў бацькі. – “Мальва”.
І вось тады, прызнаецца Алена Арсенцьеўна, у яе душы нешта затрапятала, тады і нарадзілася яе любоў да кветак. І з той пары кожную раніцу яна вітае кветкі, прызнаецца ім у любві. А. А. Леўчанкова ведае кошт цішыні і прыгажосці. Яна не рве іх сабе букеты, знаёмым дорыць з задавальненнем, а для сябе фатаграфуе. І паступова і дом яе стаў кветнікам. Тут ужо няма свабоднай сцяны, усюды вісяць рамкі з фотаздымкамі, з якіх ёй усміхаюцца віёлы і лілеі, кермекі і клямацісы…
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў № 73 ад 18. 09. 2015 г.