Цёпла, суха і чыста
На ўсіх фермах раёна (іх усяго 63) рыхтуюцца да зімы, расказаў першы намеснік начальніка райсельгасхарчу А. М. Пытко. Кароўнікі і цялятнікі беляць, рамантуюцца сістэмы водапаення і гноевыдалення.
На мінулым тыдні мы пабывалі на фермах КУСГП “Ульскі”. “На летне-пашавы перыяд выйшлі са спраўным абсталяваннем, таму рыхтавацца да зімы было нескладана, – расказала дырэктар гаспадаркі В. У. Лабейка. – Мы навялі парадак у кароўніках, пафарбавалі неабходнае абсталяванне. На ферме Брыцікі справіліся хутка. А вось у Лявонаве прыйшлося папацець. Справа ў тым, што ў час бурану тут сарвала палову шыферу. Так што частку даху прыйшлося перакрываць”.
Разам з дырэктарам гаспадаркі мы наведалі ферму Кардон. У памяшканні наведзены парадак – справа рук клапатлівых жывёлаводаў. Гутарым з адной з лепшых цялятніц гаспадаркі В. І. Барысевіч (на здымку), якая працуе ў жывёлагадоўлі каля трыццаці гадоў. “У маёй групе больш за сотню цялят на дарошчванні, – расказала Вера Іванаўна. – Клапоцімся загадзя, каб ім было цёпла, суха і чыста. У памяшканні зрабілі дэзінфекцыю, адрамантавалі стойлавыя месцы, навялі парадак у кармавых праходах. Засталося зрабіць загоны, каб зручна было выганяць жывёлу на прагулку. Думаю, да канца верасня цялят перагонім на зімовыя кватэры”.
Ля фермы Кардон працягваецца будаўніцтва: тут будзе даільная зала. Валянціна Уладзіміраўна Лабейка пахваліла работнікаў ПМК-70, якія займаюцца ўнутранымі работамі. Практычна гатова кацельня, часткова засталося забетаніраваць падлогу, і першая чарга даільнай залы будзе зроблена.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў № 72 ад 15. 09. 2015 г.