Дапамаглі сабрацца ў школу

Общество

Дапамаглі сабрацца ў школу
Пачынаючы з 2002 года, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі праводзіць дабрачынную акцыю “Прафсаюзы – дзецям”, расказаў старшыня Шумілінскага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў В. В. Юхнавец. Падчас акцыі актывісты грамадскай арганізацыі аказваюць дапамогу і падтрымку маленькім жыхарам Беларусі: зімой арганізоўваюць навагоднія святы, летам прымаюць удзел у аздараўленні дзяцей.
Не застаюцца ў баку і прафсаюзныя камітэты Шуміліншчыны. У канцы жніўня ў рамках акцыі “Прафсаюзы – дзецям”  прайшло дабрачыннае мерапрыемства “Збяром школьны партфель”, у ходзе якога прафсаюзныя камітэты многіх прадпрыемстваў і арганізацый аказалі матэрыяльную дапамогу малазабяспечаным, няпоўным  і шматдзетным  сем’ям. У прыватнасці, райкам прафсаюза работнікаў АПК у гэтым годзе выдзеліў па 400 тысяч рублёў пяці шматдзетным сем’ям з ААТ “АграБаравінка”.
Да дабрачыннай акцыі далучыліся і прафсаюзныя арганізацыі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. “Некалькі гадоў запар  напярэдадні 1 верасня мы выдзяляем грошы на набыццё канцылярскіх тавараў, – кажа старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі КУСГП “Ульскі” Л. А. Шэдзько. – Вось і ў гэтым годзе тром сем’ям выдзелілі па трыста тысяч рублёў”.  Адчулі клопат прафсаюза і ў КУСГП “Сіроцінскі”, дзе пяці шматдзетным сем’ям выдзелілі напярэдадні навучальнага года па дзве базавыя велічыні. Дарэчы, акцыю падтрымала і сельскагаспадарчае прадпрыемства: да першага верасня ўсім першакласнікам мясцовай школы (іх усяго 12)  падарылі па школьнаму ранцу.
“Клопат пра падрастаючае пакаленне – адзін з прыярытэтных напрамкаў у паўсядзённай рабоце і нашага прафсаюза, – расказала старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Г. П. Раманенка. –  Напярэдадні навучальнага года  райкам выдзеліў 3,7 мільёна рублёў, якія пайшлі на набыццё канцтавараў для дзяцей з 16-ці шматдзетных сем’яў”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 70 ад 08.09.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *