Происшествия. Криминал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал
Агароджа

Ля аўтамабільнай стаянкі, што насупраць цэнтральнага ўніверсама, непрацуючы жыхар Шуміліна нагамі разбіваў бетонную агароджу. Супрацоўнікі Дэпартамента аховы і РАУС затрымалі хулігана, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. Мужчына пашкодзіў дзве панэлі агароджы, урон УП ЖКГ склаў больш за 600 тысяч рублёў. Супраць хулігана ўзбуджана крымінальная справа.

Птушкі
У раённы аддзел унутраных спраў звярнулася жыхарка аграгарадка Слабада. Жанчына расказала, што з незамкнёнай гаспадарчай пабудовы ўкралі дамашнюю птушку. Прапалі 7 куранят, 5 курэй, некалькі качак і гусянят. Урон, нанесены гаспадыні, складае 1,6 мільёна рублёў. Злодзеі вышукваюцца.

Матаблок

Жыхар Наваполацка, які звярнуўся ў міліцыю, расказаў, што ў яго ў в. Вішня ўкралі матаблок. Урон, нанесены гаспадару, складае 17 мільёнаў рублёў. Ёсць падазроны ў крадзяжы.

Абрабавалі
Практычна ўсе вясковыя жыхары ў цёплае надвор’е адкрываюць вокны. Але  менавіта праз акно, калі ўваходныя дзверы замкнуты, у дом могуць прабрацца злодзеі. У гэтым нядаўна ўпэўніўся жыхар в. Улазавічы. Калі яго не было дома, злодзеі пагаспадарылі ў хаце. Прапалі асабістыя рэчы гаспадара і прадукты харчавання. Міліцыянеры па гарачых слядах устанавілі асобу злачынцы: ім аказаўся раней судзімы непрацуючы жыхар гэтай жа вёскі.

Снарад
Жыхар Віцебска паведаміў у міліцыю, што на беразе Дзвіны, непадалёку ад Мікалаева, знайшоў снарад. На месца здарэння выехала сапёрная піратэхнічная група. Снарад абясшкоджаны і знішчаны.

Са зводак ДАІ
На перакрыжаванні

На перакрыжаванні вуліц Юбілейная-Сіпко адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. Жыхар Шуміліна, які ехаў на аўтамабілі ГАЗ з боку Полацка ў Віцебск, сутыкнуўся з “Сітраенам”, што стаяў на абочыне перад перакрыжаваннем. У выніку ДТЗ абодва аўтамабілі пашкоджаны, ім патрабуецца рамонт. На вадзіцеля ГАЗа складзены адміністрацыйны пратакол.

Заднім ходам
Дзень ведаў для аднаго з жыхароў нашага раёна быў зусім не святочным. Мужчына, рухаючыся заднім ходам на аўтамабілі “Фальксваген” па вуліцы Суворава, сутыкнуўся з такім жа аўто, што стаяў на абочыне. Абодвум легкавушкам патрабуецца рамонт. На жыхара райцэнтра складзены адміністрацыйны пратакол.

Нецвярозыя
З 26 жніўня па 2 верасня супрацоўнікі ДАІ выявілі на дарогах раёна чатырох нецвярозых вадзіцеляў. Паездкі абышліся нятанна: вадзіцелі будуць пазбаўлены правоў на тры гады і заплацяць штраф ад 50 да 100 базавых велічынь.
У сувязі з пачаткам навучальнага года рэйды па выяўленні нецвярозых вадзіцеляў супрацоўнікі ДАІ праводзяць кожны дзень. Прычым, не толькі ў вячэрнія часы, але і ў ранішнія.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў № 70 ад 08.09.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *