Абласная спартакіяда: спрытныя, моцныя і азартныя
У мінулыя выхадныя наш раён прымаў першую абласную спартакіяду работнікаў органаў дзяржаўнага кіравання. 27 каманд з аблвыканкама, усіх раёнаў і гарадоў Віцебшчыны на чале з кіраўнікамі мясцовай улады сабраліся ў аздараўленчым цэнтры “Дружба” РУП “Віцебскаблгаз” у Амбросавічах. Умацаваць зносіны паміж людзьмі, паміж рэгіёнамі вобласці – менавіта такую мэту святочнага спартыўнага фэсту акрэсліў старшыня аблвыканкама М. М. Шарснёў, адкрываючы спартакіяду.
Танцамі і песнямі адкрылі мерапрыемства артысты “Віцебскаблгазу”. І пасля параду каманд на ўсіх спартыўных пляцоўках аздараўленчага цэнтра закіпелі эмоцыі. Каманды спаборнічалі ў 12 спартыўных конкурсных відах.
У памяшканні лагера разгарнуліся бітвы на чорна-белых шашачных палях. Гучна зацокалі па сталах тэнісныя шарыкі. Над пясчанымі пляцоўкамі пачалі лётаць валейбольныя мячы, а над газонамі – стрэлы дартсу. У ціры спаборнічалі самыя меткія, а на цэнтральнай плошчы ля гір і стала для армрэслінгу сабраліся самыя дужыя. Спрытных чакала турыстычная сцежка, а камандны дух і згуртаванасць правяралі з дапамогай каната.
Адной з умоў спартакіяды быў абавязковы ўдзел кіраўнікоў мясцовай улады ў спаборніцтвах. Дарэчы, старшыня аблвыканкама М. М. Шарснёў выступаў у падыманні гіры і перамог з вынікам 75 разоў.
Камандную перамогу ў спартакіядзе заваявала каманда аблвыканкама, на другім месцы – Наваполацкі гарвыканкам, на трэцім – адміністрацыя Кастрычніцкага раёна горада Віцебска.
Каманда Шумілінскага райвыканкама выступіла годна, трывала размясціўшыся ў сярэдзіне рэйтынгу.
На рахунку нашых спартсменаў тры першыя месцы ў кіданні мяча ў баскетбольнае кальцо: каманднае і два асабістыя – у Людмілы Шаўцовай (аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі) і ў Андрэя Мазанкова (аддзел адукацыі, спорту і турызму). Да паўфіналу ў настольным тэнісе дайшоў намеснік старшыні райвыканкама Алег Быкаў і заняў у выніку трэцяе месца.
Спартыўнае свята ўдалося і пакінула шмат уражанняў. Думаецца, сваю галоўную задачу яно выканала: пасябравала людзей са спортам і аднаго з адным.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў № 69 ад 04.09.2015 г.