На президиуме райсовета — почтовая связь в Шумилинском районе

Общество Президент Экономика

Рэалізацыя сацыяльных  стандартаў у  паштовай  сувязі
Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 724 ад 30 мая 2003 года быў зацверджаны нарматыў сацыяльнага дзяржаўнага стандарту ў вобласці паштовай сувязі. Ён заключаецца ў абслугоўванні насельніцтва паштовай сувяззю і дастаўкай пошты 1 раз у дзень, не менш 5 дзён у тыдзень.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава на пачатку абмеркавання пытання “Аб рэалізацыі ў раёне сацыяльных стандартаў у вобласці паштовай сувязі” адзначыла, што дадзены стандарт у раёне выконваецца. Крыху больш за год таму раённая пошта “перажыла” буйную рэарганізацыю. У выніку аптымізацыі ў пяці населеных пунктах зачынены стацыянарныя паштовыя аддзяленні і абслугоўванне пераведзена на мабільныя паштовыя аддзяленні. І хаця шумілінскія паштавікі стараюцца працаваць якасна і вынікова, пытанняў і праблем існуе шмат. У прыватнасці, патрабуюць аператыўнага рашэння пытанні дэфіцыту кадраў паштальёнаў, вялікіх чэргаў у цэнтральным аддзяленні паштовай сувязі, якаснага правядзення падпісной кампаніі на перыядычныя выданні.
У сваім дакладзе начальнік Шумілінскага ўчастка паштовай сувязі РУП «Белпошта» А. А. Новікава пазнаёміла з сістэмай і ўмовамі работы шумілінскай пошты, пракаменціравала некаторыя праблемныя пытанні.
Найперш Алеся Аляксандраўна адзначыла, што аддзяленні паштовай сувязі на сённяшні дзень уяўляюць сабой мультысэрвісныя цэнтры, якія прапануюць увесь спектр паштовых і сучасных камунікацыйных, фінансавых і іншых відаў паслуг, пералік якія пастаянна пашыраецца. Сацыяльныя стандарты ў Шумілінскім раёне выконваюцца пры дапамозе чатырох унутрыраённых (працягласцю 670 км) і аднаго міжраённага маршрутаў (працягласць 275 км), якія складзены згодна з улікам неабходнасці перавозкі пошты ў раёне, у тым ліку ў аграгарадках, а таксама паштальёнаў (34 паштальёны), якія аказваюць на даму ўвесь спектр паштовых паслуг. На працягу апошніх чатырох год былі рэарганізаваны аддзяленні паштовай сувязі Грудзінава, Сіроціна, Добрына, Пабеда, Сураўні (пераўтворана ў пункт паштовай сувязі), Лявонава.
Зараз на тэрыторыі раёна дзейнічаюць 19 аддзяленняў паштовай сувязі, з іх 14 сельскіх, 3 гарадскія і 2 перасоўныя. 125 сельскіх населеных пунктаў пераведзены на матарызаваны спосаб дастаўкі пошты.
Вынікам фінансава-эканамічнай дзейнасці УПС Шуміліна за 6 месяцаў стала атрыманне прыбытку ад рэалізацыі тавараў і паслуг на суму 220,3 мільёна рублёў.
Безумоўна, аптымізацыя і перавод на работу перасоўнага аддзялення паштовай сувязі не маглі не накласці некаторыя адбіткі на работу. Здараюцца выпадкі  затрымкі машыны. У такіх сітуацыях, па словах начальніка паштовага ўчастка, існуе схема апавяшчэння жыхароў населеных пунктаў, дзе арганізаваны прыпынкі ПАПС, пра час прыезду. Усё адно, падобныя спазненні зусім нязручныя вяскоўцам – ім не прыходзіцца ў дні наведвання ПАПС планаваць свой час, які на вёсцы на вагу золата.
Дала тлумачэнні А. А. Новікава і наконт вялікіх рэгулярных чэргаў на цэнтральнай пошце. Сапраўды, большая частка насельніцтва абслугоўваецца на пошце. Тым больш пасля таго, як банкі перасталі на касах прымаць плацяжы за мабільную сувязь. Старэйшае пакаленне не ўмее карыстацца банкаматамі і інфакіёскамі і таму ідзе на пошту. Напрыклад, за месяц на цэнтральнай пошце аказана 7561 паслуга па аплаце мабільнай сувязі на суму 518 мільёнаў рублёў, у сярэднім за дзень абслугоўваецца 250 чалавек толькі па аплаце за мабільнікі. Адсюль і чэргі.
Што робіцца для разгрузкі чэргаў? З 1 ліпеня арганізавана выдзеленае працоўнае месца па абслугоўванні юрыдычных асоб (аддзел падпіскі). Таксама ў аперацыйнай зале ёсць плацежна-даведачны тэрмінал, на якім можна разлічыцца карткай і наяўнымі грашыма.
Старшыня райсавета І. М. Новікава прапанавала рэгулярна арганізоўваць майстар-класы па абучэнні насельніцтва рабоце з тэрміналамі і правядзенне дзён кліентаў і прэзентацый паслуг. З мэтай аператыўнай і якаснай работы паштальёнаў неабходна рашаць праблему нумарацыі дамоў у райцэнтры, а таксама ўстаноўкі ў пад’ездах новабудоўляў паштовых скрыняў.
Па абмеркаванай тэме была прынята адпаведная пастанова.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў № 68 ад 01.09.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *