Пра фота ў даспехах і Віцебск на далоні
Бываючы ў Віцебску, мы заўжды заглядваем у Віцебскі абласны краязнаўчы музей (ратушу). Вядома, што пастаянныя экспазіцыі музея нам даўно добра вядомыя, але нашы спадзяванні на нешта новае і цікавае кожны раз апраўдваюцца.
Праўда, у гэты раз мы ішлі з канкрэтнай мэтай: падняцца на вежу і паглядзець на Віцебск з вышыні птушынага палёту. Аказалася, што для таго, каб узняцца на ратушу, трэба кампанія не менш як у пяць чалавек. Таму, калі вы прыйшлі меншай групай, прыйдзецца чакаць пакуль падцягнуцца іншыя жадаючыя. Экскурсіі ладзяцца праз гадзіну (пры ўмове, што ёсць пяць чалавек) і каштуюць па 40 тысяч рублёў на кожнага.
Мы былі ўдвух, а таму, пакуль не назбіраецца група, вырашылі наведаць выставу даспехаў і ўзбраення XVI-XVII стагоддзяў “Чорныя коннікі” з калекцыі майстра даспешных спраў Сяргея Нурматава. Гэта аказаліся дакладна рэканструяваныя копіі даспехаў, якія насілі воіны заходнееўрапейскіх краін у час росквіту ваеннага мастацтва. Мы з цікавасцю разглядалі дэталі “жалезных” касцюмаў, уяўлялі сабе сілу і мужнасць людзей, якія іх выкарыстоўвалі. Для таго, каб нашы ўяўленні былі больш поўнымі, супрацоўніца музея дазволіла нам прымераць латную рукавіцу і параіла абавязкова сфатаграфавацца.
Пакуль мы з захапленнем разглядалі даспехі з думкамі пра сярэднявечных рыцараў, у музей завітала група замежных турыстаў, да якой мы і прымкнулі, каб узняцца на ратушу. Экскурсавод заўважыла, што ратушы гістарычна будаваліся толькі ў тых гарадах, якім было дадзена Магдэбургскае права. Пакуль мы ўздымаліся па шматлікіх лесвіцах, яна расказала яшчэ шмат цікавага з гісторыі Віцебска.
І вось мы на аглядальнай пляцоўцы – дух захоплівае. Шчыра кажучы, гэта аказалася нават лепш, чым у Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску. На вышыні больш за 40 метраў над зямлёй Віцебск незвычайна прыгожы, рамантычны, нейкі асабліва шагалаўскі. З ратушы можна зрабіць выдатныя фота гістарычнага цэнтра горада, храмаў, гарадскіх пейзажаў. У такія моманты асабліва выразна адчуваюцца трапяткія адносіны да свайго горада, гонар і захапленне ім. Ты глядзіш і ўражваешся ім як госць. Такое рэдка ўдаецца за штодзённымі клопатамі і мітусянінай. А гэта вельмі важна для таго, каб у поўнай меры адчуваць сябе чалавекам, які мае дачыненне да слаўнага мінулага сваёй Радзімы, што ўсё гэта багацце і прыгажосць – твае, тваіх дзяцей, тваіх патомкаў. Гэта акрыляе і натхняе.
Заўважу, што магчымасць убачыць Віцебск на далоні ёсць толькі цёплай парой. Калі пахаладае, экскурсіі спыняцца да наступнага лета. Прыемных уражанняў!
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў № 68 ад 01.09.2015 г.