Дапаможам дзецям!
1. Абавязкова адзначайце 1 верасня. Няхай гэты дзень стане вашым сямейным святам, як і іншыя значымыя школьныя дні. Напрыклад, алімпіяды, спартыўныя спаборніцтвы, конкурсы і выставы. Ніхто не забараняе “заснаваць” і свае асабістыя святы, скажам, дзень табліцы множання (адзначаць, калі яна нарэшце вывучыцца);
2. Пастарайцеся сфарміраваць пазітыўныя адносіны да школы. Падбадзёрваць дзіця раніцай словамі: “Я таксама не хачу ісці на працу, але ж ёсць такое слова – трэба”, – не самы лепшы матыватар. Лепш паспрабаваць нешта накшталт: “У цябе ў раскладзе сёння “Чалавек і свет”. Напэўна, настаўніца зноў падрыхтавала для вас нешта цікавае. Раскажаш потым?”. Праўда, са старэйшымі школьнікамі гэта ўжо можа і “не пракаціць”;
3. Не трэба крытыкаваць настаўнікаў, з адценнем негатыву абмяркоўваць з дзіцяці іх паводзіны і рашэнні. Гэта будзе перашкаджаць школьніку ўспрымаць тое, што кажа настаўнік, а значыць вынікова і з радасцю вучыцца;
4. Трэба раз і назаўсёды адвучыць сябе параўноўваць сваіх дзяцей, іх дасягненні з іншымі дзецьмі і іх поспехамі ці няўдачамі. Нашы дзеці ўнікальныя. Яны развіваюцца самі па сабе, іх магчымасці ніяк не залежаць і не супастаўляюцца з магчымасцямі суседа па парце. “А вось Алена атрымала 10, а табе, як заўжды, нешта перашкодзіла?” – рэдка каго гэтыя словы прастымулююць. Максімум, на што яны здатныя – выхаваць няпрыязь да гэтай самай Алены;
5. Не думайце, што школа возьме на сябе вашы бацькоўскія абавязкі. У адказе за сваіх дзяцей, па-ранейшаму, толькі вы! Нават, калі дзіця ў школе да 18. 00 (у групе прадоўжанага дня, напрыклад), нават, калі вы вельмі стаміліся на рабоце і “на настаўніка не вучыліся”. Не звальвайце ўсё на плечы настаўнікаў – падстаўце свае. Дапамагайце дзецям, калі яны просяць дапамогі. Праяўляйце зацікаўленасць усімі іхнімі справамі. Толькі па-сапраўднаму, без фармалізму – іх не падманеш;
6. Няхай дома ў вас заўжды будуць дзеці: не забараняйце запрашаць сяброў і аднакласнікаў. Трывайце, частуйце іх смачненькім, назірайце. Гэта дапаможа вам трымаць руку на пульсе. Магчыма, пазбегнуць нейкіх не самых прыемных адкрыццяў.
7. Хваліце дзяцей. І яшчэ раз хваліце. Шчыра і без агаворак.
Вядома, што ў кожнага з нас ёсць свае сакрэты і прыёмы. Галоўнае – любіць сваіх дзяцей, нягледзячы ні на што. Любіць безумоўнай, неабсяжнай, вялізнай, як акіян, любоўю. А на фоне акіяна, што ні вазьмі – дробязь.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў № 68 ад 01.09.2015 г.