А ў суседа выйшаў са строю тэлевізар
Так званае мірганне святла, на якое часта скардзяцца асабліва вясковыя жыхары, можа быць выклікана прымяненнем электразварачнага абсталявання суседам. Мы вырашылі высветліць, наколькі законная гэта справа і як можна засцерагчы сябе ад яе вынікаў (не сакрэт, што выкліканыя зварачнымі работамі перапады энергіі могуць прывесці да сур’ёзнай паломкі бытавой тэхнікі). Інспектар Шумілінскай раённай энергаінспекцыі Валерый Іваноў пацвердзіў, што сапраўды такая праблема існуе.
Электразварачнымі работамі з выкарыстаннем абсталявання, часам, невядомага паходжання грашаць уласнікі прыватных дамоў і гаражоў. На іх і скардзяцца. У сваю чаргу ўмовы карыстання электрычнай энергіяй не адвольныя, яны рэгламентаваныя адпаведнымі правіламі. А там строга прапісана, што ўсяму галава – дагавор, які заключаецца паміж спажыўцом і энергазабяспечваючай арганізацыяй, дзе асобным пунктам агаворваецца забарона выкарыстання электразварачнага абсталявання. Строга забараняецца ўстаноўка і прымяненне зварачных трансфарматараў любой канструкцыі і выкананне работ у гаражах.
У той жа час магчымасць падключэння спажыўцом дадатковай нагрузкі прадугледжана, але толькі з дазволу энергазабяспечваючай арганізацыі пасля атрымання тэхумоў і ўнясення адпаведных змен у вышэйназваны дагавор. Але многім адмысловым умельцам не хочацца траціць ні лішніх грошай (а дадатковыя выдаткі пры гэтым абавязкова будуць), ні часу на выкананне ўсіх неабходных патрабаванняў. Таму яны гэтымі правіламі і грэбуюць.
Але трэба памятаць аб прадугледжанай за гэтае “свавольства” адміністрацыйнай адказнасці. Акрамя таго, ваш сусед, у якога па вашай віне сапсаваліся электрабытавыя прыборы (а пастаянныя перапады напружання рана ці позна да гэтага прывядуць), мае поўнае права патрабаваць з вас пакрыцця матэрыяльнага ўрону праз суд. Што не менш важна, эксплуатацыя электразварачнага абсталявання некваліфікаваным персаналам, без правядзення выпрабаванняў, без прымянення неабходных сродкаў абароны ствараюць небяспеку паражэння электрычным токам.
Займацца зваркай ніхто не забараняе. Толькі гэта трэба рабіць па правілах, як рэкамендуюць спецыялісты. А яшчэ можна звярнуцца ў спецыялізаваную арганізацыю, якая мае ліцэнзію на правя-дзенне такіх работ, неабходнае абсталяванне і персанал.
Калі пытанні яшчэ засталіся, тэлефануйце па нумары 4-91-21 у “Энерганагляд”.
Матэрыял падрыхтавала Наталля ЧАРНІЧЭНКА.