Детский дом семейного типа в Шумилино ждёт хозяев

Общество Семья

У чаканні гаспадароў
На жаль, колькасць дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, з года ў год не змяншаецца. Дзяржаўныя дзіцячыя дамы не могуць даць хлопчыкам і дзяўчынкам сапраўднай сямейнай цеплыні, утульнасці і пачуцця ўпэўненасці ў сабе. Дзіцячы дом сямейнага тыпу – гэта выдатная альтэрнатыва звычайным дзіцячым дамам і школам-інтэрнатам. Менавіта ў сям’і дзіця можа атрымаць клопат, увагу і любоў бацькоў.
Ёсць дзіцячы дом сямейнага тыпу і Шуміліне. Ён знаходзіцца на Брыкеце (вуліца Дабееўская, 5) і ўяўляе сабой двухпавярховы катэдж з усімі зручнасцямі. Па аб’ектыўных прычынах дом сямейнага тыпу зараз застаўся без гаспадароў.
“Мы шукаем бацькоў-выхавальнікаў, якія згадзіліся б клапаціцца пра дзяцей-сірот, – кажа галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ю. У. Уласевіч. – Бацькі-выхавальнікі – гэта грамадзяне, прынятыя на работу ў аддзел адукацыі для выканання абавязкаў па доглядзе за дзецьмі. Бацькі-выхавальнікі атрымліваюць заработную плату за выхаванне дзяцей, прынятых у сваю сям’ю. Агульная колькасць дзяцей у доме сямейнага тыпу, уключаючы родных і ўсыноўленых, не павінна перавышаць 10 чалавек”.
Выхавальнікамі дзіцячага дома сямейнага тыпу могуць быць як мужчыны, так і жанчыны, якія, вядома, па стану здароўя могуць прэтэндаваць на такую нялёгкую работу. Перавага аддаецца тым  кандыдатам, якія маюць педагагічную, медыцынскую адукацыю ці станоўчы вопыт выхавання дзяцей. Важна, каб будучыя бацькі любілі дзяцей і хацелі зрабіць іх шчаслівымі, каб у іх было жаданне павышаць свой прафесійны ўзровень.
“Думаецца, у нашым раёне знойдуцца людзі, якія гатовы аддаць сваю бацькоўскую любоў тым дзецям, якія засталіся без бацькоў, – кажа Юлія Уладзіміраўна. – Тым больш, што ў доме сямейнага тыпу дзеці маюць шанц вярнуцца ў біялагічную сям’ю і мець зносіны са сваімі бабулямі і дзядулямі, а таксама з іншай раднёй. Па ўсіх пытаннях можна звяртацца ў сектар аховы дзяцінства аддзела адукацыі па тэл. 4-22-73”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 67 ад 28.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *