З лясгасу – у “Мішневічы”, а з ЖКГ – у “Раднік”
Уборка зерневых – справа агульная. У гэтым яшчэ раз упэўніваешся, калі бачыш на палетках раёна сямейныя экіпажы, калі на час жніва ў сельгаспрадпрыемствы ўладкоўваюцца студэнты і школьнікі, калі прыходзяць на дапамогу з іншых арганізацый і прадпрыемстваў раёна.
І так у нашым раёне з году ў год: на жніво збіраюцца, можна сказаць, талакою. Па магчымасці прадпрыемствы дапамагаюць сельскай гаспадарцы грашыма ці запчасткамі. Але ў прыпар самая каштоўная дапамога – гэта людскія рукі. Іх не хапае на сушылках, у майстэрнях, за рулём трактароў і камбайнаў. У гэтым годзе ў сельгасарганізацыі на дапамогу былі накіраваны больш за трыццаць чалавек з іншых прадпрыемстваў раёна. У прыватнасці, тыдзень таму на палетках КУСГП “Ульскі” мы сустрэліся з Мікалаем Храмцовым. Ён працуе ў лясніцтве, а на перыяд жніва ўжо каторы год запар садзіцца за руль камбайна. “А я і не супраць дапамагчы, – усміхаецца Мікалай Пятровіч. – Работа, можна сказаць прывычная. Рукі помняць – калісьці я працаваў механізатарам у калгасе “Расія”. Надвор’е ў гэтым годзе цешыць, таму ўборачная праходзіць без збояў”. Напарнік Мікалая – Павел Даруткін таксама калісьці працаваў у лясніцтве, а цяпер вось на лета ўладкаваўся ў “Ульскі”.
Нязменным памочнікам у ААТ “Прыазёрны мір” з’яўляецца Аляксандр Званок. Мужчына жыве ў Амбросавічах і працуе рабочым па абслугоўванні ў мясцовай школе. Ну а на пасяўную і ўборачную ідзе ў мясцовую гаспадарку, бо без яго там – аніяк. Сёлета Аляксандр сеў за штурвал камбайна. І працуе, па словах дырэктара гаспадаркі В. В. Багаткі, вельмі добра.
У СФГ “Раднік” не хапае сваіх аператараў на зернесушылцы. На дапамогу прыйшлі работнікі камунгасу – Аляксандр Ушал і Міхаіл Петрусенка. Як і ў мінулым годзе, не падвялі механізатары прадпрыемства меліярацыйных сістэм: яны на трактарах свайго прадпрыемства працуюць на падвозцы кармоў – паралельна са жнівом у гаспадарцы працягваецца нарыхтоўка траў другога ўкосу.
У КУСГП “Мішневічы” шэфы з лясгасу і камунгасу працуюць аператарамі на зернетаку. У КУСГП “Сіроцінскі” рупіцца вадзіцель ДРБУ-204 Мікалай Бараноўскі: ён на МАЗе адвозіць ад камбайнаў зерне. Таксама ў гаспадарцы працуе механізатар з камунгасу. А з Віцебскага тэхналагічнага каледжа гаспадарцы выдзелілі машыну для развозкі абедаў на поле. Дарэчы, каледж ужо некалькі гадоў гэткім чынам дапамагае “Сіроцінскаму”.
У “Прыдзвінскім” працуюць шэфы з райгазу, лясгасу, камунгасу і ДРБУ-204 – па аднаму чалавеку ад кожнай арганізацыі. А вось дырэктар ААТ “Лаўжанскае” А. А. Кавальчык не вельмі задаволены колькасцю памочнікаў. “Вядома, мы вельмі ўдзячны, што ў нас працуюць два МАЗы з Обальскага керамічнага завода і аператары на сушылцы з камунгасу, – кажа Аляксей Аляксеевіч. – Але памочнікаў прыехала толькі палова да запланаванага, а ў нас зараз кожныя рабочыя рукі – на вагу золата”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў № 64 ад 18.08.2015 г.