Геннадий и Татьяна Ивановы 45 лет живут вместе и всё это время выписывают газету «Герой працы»

Общество Сельское хозяйство

Як нітачка за іголачкай
Сям’я Івановых – Генадзь Аляксеевіч і Таццяна Міхайлаўна – з вёскі Мазурына з нецярпеннем чакаюць кожны нумар раённай газеты. “Герой працы” муж і жонка выпісваюць больш за сорак гадоў. Яны любяць у добрае надвор’е сесці на лавачку і пачытаць газету.
“Чытаем ад першай старонкі да апошняй, – расказала Таццяна Міхайлаўна. – Нам цікава літаральна ўсё: пра што ішла гаворка на нарадах у райвыканкаме, хто з’яўляецца перадавіком вытворчасці, як дзеці здалі тэсты і як ім новым спосабам можна закатаць агуркі”. А яшчэ Івановы любяць разгадваць крыжаванкі. Часта просяць дапамогі ў сваіх унукаў Дашы і Аляксея, якія прыходзяць у госці.
Таццяна Міхайлаўна расказала, як яна, глыбоцкая дзяўчына, пасля заканчэння медвучылішча па размеркаванні прыехала працаваць у Мішневіцкую бальніцу. Тут пазнаёмілася з мясцовым маладым інжынерам Генадзем.
Неўзабаве маладыя пажаніліся. А праз некаторы час Генадзя Аляксеевіча накіравалі ў калгас “Обальскі” (в. Гаравыя) на пасаду старшыні. Там і адпрацаваў адзінаццаць гадоў. І не дзіва, што гаспадар і зараз цікавіцца сельскагаспадарчымі справамі ў раённай газеце, параўноўвае надоі і ўраджаі  з лічбамі далёкіх 70-х, радуецца за поспехі механізатараў, за новую камп’ютарызаваную тэхніку, якой дастаткова ў кожнай гаспадарцы.
“А я  як нітачка за іголачкай: куды муж – туды і я, – расказала Таццяна Міхайлаўна. – Толькі муж мяняў сельгасарганізацыі, а я – лячэбныя амбулаторыі і бальніцы. Калі Генадзя ўжо ў сталым узросце прызначылі галоўным інжынерам у “Лаўжанскае”, для сябе моўчкі вырашыла: едзем на пастаяннае месца жыхарства. Так яно і выйшла”.
Івановы пражылі разам 45 гадоў, нядаўна яны справілі сапфіравае вяселле, з чым мы і віншуем нашых чытачоў. Жадаем ім здароўя і даўгалецця.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 62 ад 11.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *