Чем живут шумилинские мелиораторы?

Актуалии Экология Экономика

Шумілінскае ПМС: дзень сённяшні
Працавалі на Віцебскай ГЭС

Больш за чатыры месяцы шумілінскія меліяратары дапамагалі кітайскім падрадчыкам будаваць на Заходняй Дзвіне Віцебскую ГЭС. Шумілінцам даверылі два аб’екты, яны займаліся ўмацаваннем берагоў і будаўніцтвам дамбы. “Нашы работнікі толькі нядаўна вярнуліся з камандзіроўкі на Віцебскай ГЭС, – расказаў галоўны інжынер прадпрыемства меліярацыйных сістэм А. М. Лакціёнаў. – Мы ўмацавалі 890 метраў берагоў Дзвіны – ад музея Рэпіна да пасёлка Задзвінне. Сёння бераг падсыпаны гранітным шчэбенем і так званым дротавым матрацам – атрымалася роўна і прыгожа. На будучай гідраэлектрастанцыі мы выканалі работ прыкладна на 500 мільёнаў рублёў. Многія нашы спецыялісты пабывалі ў камандзіроўцы ў Віцебску. Але ж нязменнымі работнікамі там амаль пяць месяцаў былі машыністы бульдозераў Р. Б. Волкаў і В. М. Свірыдзенка, механізатар А. К. Васілевіч”.
Дарэчы, меліяратарам прапануюць у канцы ліпеня папрацаваць і на Полацкай ГЭС. Па ўсяму бачна, высечка кустоў і навядзенне парадку не абыдзецца там без дапамогі шумілінцаў.

Меліярацыйная сістэма “Чэрніца”
За меліярацыйнымі сістэмамі таксама павінен быць пастаянны догляд. А на тых палетках, дзе праводзілася асушэнне трыццаць гадоў таму, як на меліярацыйнай сістэме “Чэрніца”, што знаходзіцца на тэрыторыі КУСГП “Сіроцінскі”, патрабаваўся і добры рамонт. Вось ім з лютага па ліпень і займаліся работнікі ПМС.
Глядзіш на гэтыя палеткі ля фермы Сіроціна і нават не верыцца, што тут калісьці былі кусты, а месцамі і шматлікія вымачкі, якія механізатары вымушаны былі аб’язджаць. Рэканструкцыя прасілася тут даўно, а з будаўніцтвам даільнай залы на ферме Сіро-ціна яна стала тэрміновай неабходнасцю. Тэхналогіяй прадугледжана, што жывёла тут будзе ўтрымлівацца ў стойлавых умовах, так што патрабуецца пашырэнне кармавой базы. Вельмі зручна, калі паша будзе побач: не трэба дадатковыя выдаткі на дальнія перавозкі.
Усяго ля фермы Сіроціна правялі рэканструкцыю 190 гектараў меліярацыйных сістэм, на гэтыя мэты з абласнога бюджэту было выдзелена больш за тры мільярды рублёў, расказаў дырэктар ПМС А. Я. Вайцянкоў. Прычым, 60 гектараў ужо ў канцы ліпеня будуць перададзены КУСГП “Сіроцінскі”, тут можна будзе засяваць траву.

Абкос каналаў
Прадпрыемства меліярацыйных сістэм выдзеліла шэсць касілак для абкосу каналаў. Прычым, адна касілка працуе на тэрыторыі розных сельсаветаў раёна: дапамагае ў вёсках і аграгарадках наводзіць парадак. На мінулым тыдні, напрыклад, меліяратары працавалі ў Язвіне. Такую платную паслугу ПМС практыкуе ўжо не першы год.
Астатнія гарызантальныя і нахільныя касілкі працуюць ўздоўж аўтатрасы Р-20 – абкошваюць каналы ажно да мяжы Полацкага раёна. Тут жа высякае кустоще і брыгада на чале з вопытным прарабам В. І Спірыдавай.
Пасля абкосу каналаў меліяратары плануюць заняцца асушэннем участка на вуліцы Кандраценка, якая знаходзіцца практычна на мяжы з вёскай Баёўка. Сюды падведзены інжынерныя камунікацыі: газ, вада, тэлефон, электраэнергія. Некаторыя тут пабудавалі новыя дамы. “Але астатнія ўчасткі на аўкцыёнах не карыстаюцца попытам, бо там стаіць вада, – патлумачыў А. М. Лакціёнаў. – Генеральны падрадчык – ПМК-70 – перад намі паставіла задачу асушыць участкі, каб іх можна было выкарыстоўваць для будаўніцтва”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №54 ад 14.07.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *