Археалагічныя раскопкі ў Слудашах
Невялікі палаткавы гарадок, што разбілі студэнты непадалёк ад вёскі Слудашы, абудзіў наваколле. Карэнныя жыхары былі крыху здзіўлены і адначасова гордыя тым, што менавіта ля іх вёскі вядуцца раскопкі старажытнага паселішча нашых продкаў.
Падчас нашага прыезду ў Слудашы 18 студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, стоячы на каленках, акуратна раскопвалі глебу на беразе Дзвіны. Потым навобмацак даследавалі кожны сантыметр: з поля зроку студэнтаў не знікаў нават маленькі каменьчык. Менавіта тут, на беразе рэчкі ля Слудашаў, на думку археолагаў, і знаходзілася старажытнае паселішча 11-12 стагоддзяў.
– Я нешта знайшла, Марат Васільевіч, паглядзіце, калі ласка, – звяртаецца студэнтка да кіраўніка археалагічных раскопак, старшага навуковага супрацоўніка інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі М. В. Клімава.
– О, дык гэта тачыльны камень, такімі нашы продкі заточвалі нажы і сякеры, – з радасцю паведаміў археолаг. – Кладзі разам з іншымі знаходкамі.
Марат Васільевіч Клімаў расказаў, што вясной мінулага года ў нашым раёне была праведзена археалагічная разведка. Яна і выявіла доказы таго, што ля Слудашаў калісьці было старажытнае паселішча. Толькі вельмі шкада, што значная частка яго была разбурана, калі пры будаўніцтве Полацкай ГЭС умацоўвалі берагі Заходняй Дзвіны.
“Асноўны тып сельскага паселішча на Беларусі – гэта вёска, – расказаў археолаг. – Яна ўзнікла пры рассяленні земляробаў. Як правіла, вёскі будаваліся на паплаўных узвышшах ці берагавых схілах. Глеба рачных далін была больш ўрадлівая, ды і праблем з пітной вадой тут не было. Да таго ж, рэкі – зручны шлях для зносін. Тут, ля Слудашаў, на беразе Дзвіны былі крыніцы. У канцы 11-га стагоддзя ў сувязі з дэмаграфічным выбухам колькасць вёсак павялічылася прыкладна ўдвая, рассяленне стала больш шчыльным. Але па-ранейшаму ў сялян былі бессістэмныя забудовы. У большасці сваёй вёскі былі аднараднымі, гэта значыць, мелі ўсяго адну вуліцу. Гаспадарчыя пабудовы шчыльна прылягалі да жылля, утвараючы адзіны жыллёва-бытавы комплекс”.
Пакуль мы размаўлялі, да студэнтаў падышлі яшчэ два археолагі: кандыдат гістарычных навук старшы навуковы супрацоўнік інстытута гісторыі НАН Беларусі В. І. Шадыра і кандыдат гістарычных навук выкладчык Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта Т. С. Бубенька. Дарэчы, Таццяна Станіславаўна – адзін з асноўных даследчыкаў Віцебска, кажа, што археалагічныя знаходкі на шумілінскай зямлі сугучныя з віцебскімі.
Мінскія археолагі растлумачылі нам паходжанне назвы нашага райцэнтра і расказалі, што стараславянскае слова “шума” азначала зараснік, непраходны лес і буралом. Аказваецца, аднакарэнная назва ёсць і ў Полацкім раёне: вёска Шумаценькі.
На мінулым тыдні ў падмогу віцебскім студэнтам прыехалі мінчане: з паўсотню чалавек з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Цяпер раскопкі будуць весціся больш хуткімі тэмпамі. Студэнцкая практыка будучых гісторыкаў у Слудашах будзе доўжыцца да 21 ліпеня.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №54 ад 14.07.2015 г.