Калі ласка, размаўляй са мной па-беларуску

Актуалии Общество

Як у сук уляпіць
З’ездзіла маё дзіця да бабулі ў госці і прывезла дамоў загар, добры апетыт і трапнае бабуліна слова. Цяпер выразы тыпу “Не лезь, жаба, туды, дзе коней куюць”, “Дай, Божа, і нашаму цяляці ваўка спаймаці” і да таго падобныя асаблівым чынам аздобілі яго маўленне. Дзяцей (як, прынамсі, і дарослых) прываблівае лаканічнасць і метафарычнасць устойлівых выразаў, прыказак і прымавак. Іх ужыванне робіць мову насычанай, выказванні – трапнымі, а мысленне – глыбокім і развітым.
Сапраўды, можна доўга нешта тлумачыць, скажам, пра ўладкаванне сям’і, а можна сказаць што-небудзь накшталт: “Усе мужыкі з адной мукі”, “Зяць любіць узяць”, “У каго сынкі, той пячэ блінкі. А ў каго дочкі, той ходзіць без сарочкі”, “Жонка не бот – не скінеш”, “Хату мяці, а шуму вон не нясі”, “Горка рэдзька, ды ядуць. Ліха замужам, ды йдуць”, “Не піў, не еў бы, на жонку глядзеў бы”, “Быў час, калі дзеўкі любілі і нас”.
Як правіла, з народнай мудрасцю цяжка спрачацца, носьбіт трапнага слова бывае надзвычай пераканаўчым. А наша мова акумулявала, зберагла і данесла да нас мудрасць, разважлівасць, памяркоўнасць і нейкі асаблівы погляд на жыццё нашых продкаў. “Ведаў Бог, што не даў свінні рог”, “Чужыя грахі перад вачыма, а свае за плячыма”, “Малы жук, ды вялікі гук”, “На чыім вазку едзеш, таму і песенькі спявай”, “Вары ваду, вада і будзе”, “Не радуйся чужой бядзе, бо свая ззаду ідзе”, “Як чорта ні хрысці, а ён усё роўна кажа: «У балота пусці»”, “Калі кажуць “не”, то хочацца ўдвайне”, “Мазалёваю працай не збудуеш палацаў”, “Чалавек есць хлеб траякі: белы, чорны і ніякі” – хіба гэта філасофія хоць на кроплю страціла сваю актуальнасць сёння?
Не спускаў беларус гультайства, несумленнасці, прыстасаванства, залішняй важнасці: “Убраўся ў жупан і думае, што пан”, “І царыца – варона, калі спадзе карона”, “Ганарыся свіння, што аб панскі плот пачухалася”, “Вырас да неба, а дурань як трэба”, “Грозны рак, ды дзе ў яго вочы?”, “Маладзец супраць авец, а супраць малайца – сам аўца”, “Няхай лепш разумны паганіць, чым дурны пахваліць”,  “Гультаю – хлеб на кію”, “Языком у Вільні, а галавою за печчу”.
А пра любоў да роднага краю хіба скажаш лепш: “У сваёй хаце і качарга – маці”, “У родным краю, як у раю”, “На Беларусі пчолы, як гусі”, “Дома і салома ядома, а на чужыне і гарачы тук стыне”.
Мы, здараецца, выкарыстоўваем даслоўны пераклад рускіх фразеалагізмаў, але ж многім з іх ёсць выдатныя, не менш трапныя адпаведнікі і ў нашай мове: “Бог видит, кто кого обидит” – “Бог не цяля, бачыць круцяля”; “В тихом омуте черти водятся” – “Цiхая свiння глыбока рые”; “Век живи, век учись” – “Будзем вучыцца, пакуль смерць лучыцца”; “Взялся за гуж – не говори, что не дюж” – “Калi ўлез у дугу – не кажы «не магу»”; “Видит око да зуб неймёт” – “Бачыць карова, што на павецi салома”; “Всяк молодец на свой образец” – “Усякi гад на свой лад”; “Мягко стелет, да жёстко спать” – “На вуснах – мёд, а на сэрцы – лёд”; “Ни жив, ни мёртв” – “Hi сняты, нi павешаны”; “Пьяному море по колено” – “П’янаму і козы ў золаце”; “Слышал звон, да не знает, где он” – “Гавораць, гамоняць, ды не ведаюць, дзе звоняць”; “Снявши голову, по волосам не плачут” – “Дзе прапала кароўка, там няхай і вяроўка”; “Утро вечера мудренее” –  “Пераначуем – болей пачуем”.
Прыемных размоў!
Рубрыку вядзе спадарыня НАТАЛЛЯ.
Надрукавана ў №54 ад 14.07.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *