Ён стане духоўным жабраком і накліча бяду на сваіх патомкаў

Духоўнае Общество

Ён стане духоўным жабраком і накліча бяду на сваіх патомкаў
Я не ведаю, як назваць гэтую з’яву – варварства, цынізм, бесчалавечнасць?.. Размова ідзе пра крадзяжы на могілках і пра тых, прабачце, людзей, якія гэтым займаюцца.
Страціць роднага чалавека вельмі цяжка, боль не загойваецца гадамі… І тут, як брытвай па незагоенай ране: укралі з магілы кветкі, выцягнулі з коранем туі, дэкаратыўныя елачкі. У каго паднялася рука? І як супакоіць гэтую жанчыну, якая плача над абрабаванай магілай сына?
Куды злодзей панясе сваю здабычу? На рынак? Будзьце ўважлівымі пры такіх пакупках, прыгледзьцеся да тавару, да прадаўца. Будзьце ўважлівымі да падазроных асоб, якія любяць часта без мэты хадзіць па могілках, магчыма, ваша апісанне прыкмет дапаможа міліцыі злавіць і пакараць злодзея.
Мы жывем у свеце з вызначанымі заканамернасцямі, і нашы дзеянні абавязкова вернуцца да нас, добрыя – дабром, злыя – злом. Беспамылкова можна сцвярджаць, што таму, хто паквапіўся на “маёмасць” спачыўшага, тыя туі і штучныя букеты не прынясуць ні шчасця, ні багацця, што ён стане духоўным жабраком і можа наклікаць бяду на сваіх дзяцей і ўнукаў. Але жанчыне, якая плача над зганьбаванай памяццю, ад гэтага не лягчэй…
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №52 ад 07.07.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *