Здарэнні. Крымінал
Гараж
У міліцыю звярнуўся жыхар Обалі, які расказаў, што ягоны гараж абрабавалі. Прапалі металічныя бочкі, 600 літраў дызельнага паліва, вуглавая шліф-машынка. Злодзеі прабраліся ў КамАЗ пацярпелага, адкуль укралі радыёстанцыю. Агульны ўрон склаў больш за дзевяць мільёнаў рублёў. Злодзеі вышукваюцца.
Прэвентыўны нагляд
У адносінах да раней судзімага жыхара райцэнтра быў устаноўлены прэвентыўны нагляд. Але мужчына не выконваў яго патрабаванні. Больш таго, на працягу апошніх пяці месяцаў двойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. За ўхіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе прэвентыўнага нагляду супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Дача
У міліцыю звярнулася жыхарка Мікіціхі: у дачным доме яе сужыцеля невядомыя злодзеі вырвалі дзвярны прабой і праніклі ў пакой. Прапалі сталярныя інструменты і асабістыя рэчы гаспадара. Узбуджана крымінальная справа.
Са зводак ДАІ
На матацыкле
У Бешанковіцкім раёне быў затрыманы жыхар Крывога Сяла, які кіраваў мапедам у стане алкагольнага ап’янення. Пры гэтым не меў пры сабе страхоўкі і рэгістрацыйных дакументаў, быў без моташлема і без правоў. Мала таго, ён вёз пасажыра, які таксама быў без моташлема і ў стане алкагольнага ап’янення. Як высветлілася, гэта быў гаспадар мапеда. Яму і кіроўцу пагражае штраф больш як па сто базавых велічынь і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на тры гады.
Наезд
Жыхар Шуміліна, кіруючы БМВ, наехаў на пенсіянерку, якая пераходзіла пешаходны пераход. Вадзіцель паспеў своечасова затармазіць, так што жанчына абышлася без цялесных пашкоджанняў, толькі ўпала. Вадзіцель выкліканы на адміністрацыйную камісію ДАІ РАУС.
У кювеце
Жыхарка Наваполацка, якая ехала на “Рэно” па аўтадарозе Віцебск-Полацк пры выбары хуткасці не ўлічыла складаныя дарожныя ўмовы (аўтатрасу месцамі падсыпалі шчэбенем) і не справілася з кіраваннем. У выніку машына аказалася ў кювеце і перакулілася. Жанчына не пацярпела. Адміністрацыйны пратакол, які быў складзены на гараджанку, для далейшага разбірацельства накіраваны па месцы яе жыхарства.
На матаблоку
Жыхар Добрына ехаў на мата-блоку па дарозе Гарадок-Ула-Камень у стане алкагольнага ап’янення. Як высветлілася, мужчына некалькі месяцаў таму прыцягваўся да адказнасці за такое ж правапарушэнне. Матэрыялы для ўзбуджэння крымінальнай справы перададзены ў раённы аддзел Следчага камітэта. Згодна з рашэннем суда матаблок будзе канфіскаваны ў даход дзяржавы.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №52 ад 07.07.2015 г.