Наша агульная задача
Першае ў гэтым годзе пасяджэнне раённага штаба па добраўпарадкаванні прайшло на мінулым тыдні. Старшыня штаба І. М. Новікава акрэсліла пытанні, вынесеныя на парадак дня.
Размова найперш ішла пра план мерапрыемстваў на 2011 год па навядзенні парадку. Ірына Мікалаеўна прапанавала замацаваць за кожным населеным пунктам раёна прадпрыемства ці арганізацыю, актывізаваць на месцах работу старэйшын вёсак, дэпутацкага корпуса, усяго актыву. Паколькі ў раёне 251 вёска плюс Шуміліна і Обаль, за дапамогай па навядзенню парадку раён звернецца і да шэфаў з Кастрычніцкага раёна г. Віцебска.
У гэтай пачэснай рабоце справа знойдзецца літаральна кожнаму жыхару раёна, каб зрабіць нашу зямлю квітнеючай. І ўжо сёння кожнаму гаспадару (у тым ліку і прыватніку) трэба паклапаціцца пра пасеў насення кветак, прадумаць, якія і ў які тэрмін трэба выканаць работы па навядзенні парадку. Бо задача зрабіць нашу зямлю чыстай і квітнеючай – наша агульная задача.
Другім пунктам на парадку дня стаяла раённая праграма “Двары”. Члены раённага штаба па добраўпарадкаванні і запрошаныя на пасяджэнне зацікаўленыя асобы абмеркавалі праграму, выказалі свае меркаванні па выкананні яе асобных пунктаў.
Аліна КАНСТАНЦІНАВА.
Надрукавана ў №10 ад 8.02.2011 г.