Идеологическая работа в контексте современности

Тема недели

Дзербін: ідэалагічны работнік павінен быць сувязным звяном у пошуку рашэнняў праблем

«Ідэалагічны работнік павінен быць сувязным звяном у пошуку рашэнняў існуючых праблем. Важна не дапусціць узнікнення сацыяльнай напружанасці, што правакуецца няпростымі працэсамі скарачэння штатаў і рэструктурызацыі прадпрыемстваў, аказваючы людзям неабходную маральную і практычную падтрымку», — сказаў дырэктар Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксей Дзербін.

Дырэктар ІАЦ адзначыў, што сёння ў секцыі «Ідэалагічнае забеспячэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны» ўсе ўдзельнікі дыскусіі сышліся на думцы, што важная задача ідэалагічнага забеспячэння — растлумачыць насельніцтву, што вынікі работы прадпрыемстваў і ўсёй эканомікі, дабрабыт кожнай сям’і залежаць ад захавання працоўнай дысцыпліны, добрасумленнага выканання абавязкаў і ініцыятыўнасці.

«Крызісы прыходзяць і адыходзяць, а кадравы і працоўны патэнцыял — гэта галоўнае, што вызначае нашу сучаснасць і будучыню. У цэнтры ўвагі ідэолагаў павінны быць пытанні прымянення дэкрэта нумар 5 «Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў» і нумар 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», — упэўнены ён.

Паводле слоў Аляксея Дзербіна, безупынных намаганняў ад мясцовых улад патрабуе і вырашэнне штодзённых праблем у жыцці грамадзян: забеспячэнне ў належным асартыменце прадуктамі харчавання, таварамі, лякарствамі, якаснымі і даступнымі паслугамі аховы здароўя, наладжванне належнай работы камунальнай службы і выкананне іншых сацыяльных стандартаў. «Мы не павінны даць людзям усумніцца ў тым, што дзяржава рабіла і прадаўжае рабіць усё магчымае для забеспячэння дастойнага ўзроўню агульнадаступных сацыяльных паслуг», — сказаў на заканчэнне дырэктар ІАЦ.

Жылінскі: ідэалагічныя работнікі павінны мець непадробны інтарэс да жыцця грамадзян

«Падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі ідэалагічных кадраў — гэта складаны і шматгранны працэс, які патрабуе комплекснага падыходу, вынікам якога павінны стаць веды і кампетэнтнасць ідэолагаў, разуменне імі жыцця і непадробны інтарэс да людзей, іх запатрабаванняў і патрэб», — сказаў рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі Марат Жылінскі.

Рэктар Акадэміі кіравання звярнуў увагу, што галоўнае ў ідэалагічнай дзейнасці — гэта работа з канкрэтным чалавекам.

«Дайсці да душы і свядомасці кожнага — гэта майстэрства і вялікая праца. Таму ідэалагічныя работнікі павінны мець самую высокую кваліфікацыю і адпаведную спецыяльнасць. Сёння стала відавочна, што эфектыўнасць ідэалагічнай работы залежыць ад адказнасці і ўмелых дзеянняў ідэолагаў, таму што яны вырашальная сіла ў ажыццяўленні важнейшых палітычных і сацыяльна-эканамічных задач», — адзначыў ён.

Ідэолагам неабходна наладзіць эфектыўную зваротную сувязь з насельніцтвам — Шорац

«Без ідэалагічнага суправаджэння немагчыма ніводная сфера дзейнасці. Ідэолагам неабходна наладзіць эфектыўную зваротную сувязь з насельніцтвам. Мы павінны бачыць, што хвалюе людзей, якія праблемы неабходна вырашаць. Ад узаемаразумення і ўзаемадзеяння ў гэтай сферы залежыць многае», — сказаў старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац.

Ён выказаў упэўненасць у тым, што ідэі, якія будуць агучаны на семінары, дапамогуць выйсці на новы ўзровень у ідэалагічнай рабоце з грамадзянамі.

Мінгарвыканкам: ідэалагічным работнікам неабходна звярнуць увагу на прыватны сектар эканомікі

«На сёння сектар сярэдняга і малога бізнесу практычна застаецца без увагі ідэалагічных работнікаў. У Беларусь прыходзяць замежныя інвестары, ствараюцца сумесныя прадпрыемствы, філіялы вядомых замежных карпарацый, на іх працуюць нашы суайчыннікі, якія маюць поўнае права на абарону сваіх інтарэсаў. І тут магутным рычагом уздзеяння, на нашу думку, павінны стаць прафесійныя саюзы», — сказаў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка.

Паводле яго слоў, у Беларусі наспела неабходнасць уважліва вывучыць нарматыўна-прававую базу з пункту гледжання далейшай абароны правоў працоўных і ролі прафсаюзаў у працоўных калектывах. «Безумоўна, прафсаюзныя арганізацыі павінны прымаць удзел у вырашэнні вытворчых задач, кантраляваць прадукцыйнасць працы, своечасовасць выплаты заработнай платы, падключацца да пошуку новых рынкаў збыту. Немалаважная роля прафесійных саюзаў у захаванні працоўных калектываў», — падкрэсліў намеснік старшыні Мінгарвыканкама.

У Беларусі наспела неабходнасць правядзення ідэалагічных экспертыз кіраўніцкіх рашэнняў — Карпенка

«Змяненні, што адбываюцца ў сусветнай палітыцы, эканоміцы, культуры, патрабуюць ад ідэалагічных работнікаў адмовіцца ад устарэлых шаблонаў. Лічу, што ў Беларусі наспела неабходнасць правядзення ідэалагічных экспертыз кіраўніцкіх рашэнняў. Яны павінны праводзіцца ў органах дзяржаўнай улады пры прыняцці любых рашэнняў нараўне з юрыдычнай экспертызай, — сказаў Ігар Карпенка. — Экспертыза заключаецца ў праверцы адпаведнасці прынятых кіраўніцкіх рашэнняў існуючай грамадска-палітычнай абстаноўцы. Было б апраўдана, каб Акадэмія кіравання ўзялася за распрацоўку гэтай навуковай тэмы».

Ён таксама адзначыў, што вырашыць праблемы аказання метадычнай дапамогі, павышэння прафесійнага ўзроўню кадраў дапаможа арганізацыя работы школ маладога ідэолага. «Настаўнікамі ў такіх школах павінны стаць найбольш вопытныя намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце. Маладыя ідэолагі маглі б праходзіць абавязковую стажыроўку на прадпрыемствах», — сказаў Ігар Карпенка.

Гігін: сучасная сістэма ўзаемадзеяння ўлады і грамадскіх аб’яднанняў даказала сваю эфектыўнасць

«Шырокая сетка грамадскіх аб’яднанняў, сярод якіх — «Белая Русь», маладзёжныя, прафсаюзныя, жаночыя, ветэранскія і іншыя арганізацыі, дае магчымасць стварыць дастатковы грамадзянскі актыў, на які могуць абапірацца прадстаўнікі мясцовых органаў улады», — сказаў галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка» Вадзім Гігін.

Галоўны рэдактар часопіса адзначыў, што органы ўлады гатовы пашыраць супрацоўніцтва з партыямі і грамадскімі аб’яднаннямі, якія таксама неабходна настройваць на больш рэзультатыўную работу.

Паводле слоў Вадзіма Гігіна, удзельнікі сённяшняй секцыі аб дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый па кансалідацыі беларускага грамадства сышліся на думцы, што Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Беларусі павінна ўзмацніць ідэалагічны і палітычны складнік пры падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы кіраўнікоў органаў дзяржаўнай улады неідэалагічнага профілю. «Цяпер ідэалагічны складнік ёсць і ў тых, хто займаецца будаўніцтвам або эканомікай. Гэтыя спецыялісты таксама вядуць прыёмы грамадзян, працуюць з людзьмі, таму павінны валодаць такой методыкай», — растлумачыў ён.

Яшчэ адзін важны напрамак у рабоце ідэолагаў — своечасовае ўзаемадзеянне з грамадскімі грамадзянскімі актывістамі. Неабходна праводзіць іх сацыялізацыю, нагружаць работай у выбарчых камісіях, грамадскіх аб’яднаннях, каб не дапусціць уваходжання гэтых актыўных людзей у дэструктыўныя арганізацыі.

«Ідэалагічная вертыкаль павінна абапірацца не толькі на саміх дзяржслужачых, але і на шырокае поле актывістаў. Іх актыўнасць можна накіроўваць у маладзёжныя, прафсаюзныя, ветэранскія або іншыя арганізацыі. Акрамя таго, было адзначана, што на месцах грамадскія аб’яднанні павінны ўзначальваць палітычна актыўныя грамадзяне. Тады да такіх арганізацый будзе больш даверу», — лічыць Вадзім Гігін.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *