У нас будзе прасторны пляж
На мінулым тыдні ля Шумілінскага возера поўным ходам вяліся работы па будаўніцтву пляжа: тут працавалі экскаватар і бульдозер з прадпрыемства меліярацыйных сістэм і два МАЗы з камунгасу.
У такім дружным тандэме, трэба адзначыць, работа ладзілася: па чарзе загружаліся машыны, якія адвозілі ад возера грунт. “Вось бачыце, гэтыя горы ля берага – усё тое, што было ў вадзе, – расказаў галоўны інжынер прадпрыемства меліярацыйных сістэм А. М. Лакціёнаў. – Наш экскаватар ачысціў дно возера за адлегласці каля трыццаці метраў. А ўваход у возера зрабілі паступовым і плаўным, без абрываў і небяспечных ямін”.
Тым часам работнік ПМС Мікалай Барысаў на бульдозеры зграбаў ў адну кучу азёрны сапрапель, потым ягоны калега Рыгор Волкаў на экскаватары грузіў зямлю ў МАЗы. І бераг з кожнай гадзінай станавіўся чысцей. Механізатары расказалі, што мяркуюць здымаць яшчэ і гумусны слой. Гэта для таго, каб на пляжы не прарастала трава.
“Пляж будзе больш за сто метраў у даўжыню, – расказаў Аляксандр Мікалаевіч. – Яшчэ засталося нямала работы. Толькі пяску (яго будзем браць у Пятніцкіх ці Юраве) трэба навазіць каля тысячы тон. Думаецца, да Дня Незалежнасці зробім землякам падарунак: прасторны і роўны пляж”.
Да таго ж, па словах галоўнага інжынера камунгасу А. М. Догеля, на днях на возеры будзе працаваць земснарад. Такім чынам мяркуюць поўнасцю ачысціць дно возера.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №47 ад 19. 06. 2015 г.