В 15 школах Шумилинского района работают оздоровительные детские лагеря

Актуалии Общество

“У нас самыя лепшыя выхавальнікі”
З мінулага тыдня ў пятнаццаці школах раёна пачалі працаваць аздараўленчыя лагеры дзённага прабывання, у якіх адпачываюць 411 дзяцей.
Мы пабывалі ў Амбросавіцкай школе. “У нас адпачываюць 24 дзіцяці ад шасці да трынаццаці гадоў, – расказаў начальнік лагера Г. В. Шчарбакоў. – Для рабят распрацавана праграма выхаваўчай работы. Галоўная наша мэта – гэта бяспечны адпачынак”.
У школьным лагеры праводзіцца шмат цікавых мерапрыемстваў. Нядаўна са сваёй праграмай прыязджалі работнікі раённай бібліятэкі, сваё мерапрыемства рыхтуюць супрацоўнікі РАНС. А ў час нашага прыезду прафілактычнае мерапрыемства праводзілі работнікі ДАІ (на здымку). Інспектар ДПС Дзмітрый Навіцкі і старшы інспектар па адміністрацыйнай практыцы ДАІ РАУС Наталля Голуб расказалі дзецям пра сваю работу, прадэманстравалі браніраваную камізэльку, каску, відэарэгістратар.
Мерапрыемства ўсім прыйшлося даспадобы. Ну, а што яшчэ цікавага ў аздараўленчым лагеры, расказалі самі дзеці.
Дзяніс Смірноў:
–  Мне падабаюцца ў лагеры цікавыя гульні і віктарыны. А яшчэ нас вельмі смачна кормяць. На полудзень даюць пячэнне і вафлі.
Марына Шыёнак:
– У лагеры я набыла новых сяброў. Мне падабаецца, што кожны з нас тут можа паказаць свае ўменні, напрыклад, у маляванні ці спевах.
Аня  Недарэзава:
– Мы танцуем, спяваем і весялімся – і гэта здорава.
Айванна Пахір:
– Кожны дзень у нас у лагеры нешта новенькае. Падабаюцца канцэрты і сувеніры, якія нам уручаюць за ўдзел у конкурсах.
Жэня Кальнін:
–  У нашым лагеры самыя лепшыя выхавальнікі!

Роўная асфальтаваная дарожка аздараўленчага лагера “Дружба” “Віцебскаблгазу”, з абодвух бакоў якой безліч розных цікавых вырабаў, прывяла нас якраз на роўна скошаны газон, дзе дзеці гулялі ў мяч. Як бы яны не былі захоплены гульнёй, а ўсё ж заўважылі незнаёмага чалавека, павіталіся, а адна дзяўчынка нечакана запыталася:
–  А адкуль вы прыехалі?
Што ж, прыйшлося патлумачыць. Дзяўчынка аказалася даволі гаваркой і расказала пра сябе:
–  А я буду з Расіі, адпачываю ў аздараўленчым лагеры ў Беларусі першы раз. Мне вельмі падабаецца. Тут добра і прыгожа. Да таго ж, я пасябравала з беларускімі дзецьмі, і мы разам бавім час.
Як высветлілася, сёлета ў аздараўленчы лагер “Дружба” прыехала 35 дзяцей з Расійскай Федэрацыі. “А ўсяго на першую змену (яна доўжыцца 19 дзён) у нас адпачнуць 114 дзяцей з усіх філіялаў “Віцебскаблгазу”, – расказала загадчыца лагера С. А. Вязіцкая. – Для дзяцей створаны ўсе неабходныя ўмовы для адпачынку: добрыя спальныя корпусы, пяціразовае харчаванне, забаўляльныя мерапрыемствы. Дзецям даспадобы плаваць у басейне і ўдзельнічаць у спартыўных мерапрыемствах. Акрамя гэтага, са спектаклем мы запрасілі ў лагер лялечны тэатр з  Віцебска”.
Некаторыя спартыўныя мерапрыемствы ў лагеры “Дружба” праводзяцца сумесна з дзецьмі са школьнага аздараўленчага лагера. Такім чынам дзеці набываюць новых сяброў.
У “Дружбе” будзе яшчэ другая і трэцяя змены, кожная з якіх прыме больш за сто дзетак ад 6 да 15 гадоў. Усе дзеці напрыканцы лагернай змены атрымаюць салодкі падарунак і мяккую цацку.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №46 ад 16. 06.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *