Залатыя медалісты Шуміліншчыны
Адзнака – выдатна!
Вераніка Воранава. Выпускніца Шумілінскай раённай гімназіі. Да залатога медаля яе прывяла мэтанакіраванасць. Менавіта гэтую якасць Вераніка лічыць галоўнай у вучобе. Медаль стаў узнагародай за ўсе гады стараннай і адказнай вучобы.
Да 7 класа Вераніка Воранава вучылася ў СШ №1, потым пайшла ў гімназію. Спачатку кожны дзень ездзіла дадому ў Шуміліна, а потым вырашыла заставацца ў інтэрнаце да выхадных. Гэта рашэнне дапамагло не толькі эканоміць час, але і адточваць самастойнасць, якая так спатрэбіцца будучай студэнтцы.
У сваіх планах на будучае Вераніка нацэлена на сталіцу. Канкрэтную навучальную ўстанову будзе выбіраць пасля здачы тэстаў, але тое, што ў прыярытэце фізіка-матэматычны накірунак, – адназначна. Менавіта гэты профіль яна ўдасканальвала ў гімназіі.
За свае дасягненні Вераніка ўдзячна не толькі выкладчыку матэматыкі гімназіі (і сваёй класнай) П. А. Кавалёвай, але і ўсім настаўнікам, якія сустрэліся ёй на дарозе ведаў, а таксама сваім любячым бацькам.
Аліна ПЯТРОВА.
Залаты медаль выпускніцы Обальскай сярэдняй школы Таццяны Васкоўскай з’яўляецца дастойным і заканамерным вынікам яе вучобы. Класны кіраўнік Л. У. Нячай адзначыла высокую мэтанакіраванасць Таццяны, якая цвёрда ведае, чаго яна хоча і ідзе да сваёй мэты. Усе добрыя якасці закладзены ў паспяховую выпускніцу Обальскай школы, канешне ж, бацькамі, якія займаліся выхаваннем дзяўчынкі, з маленства падтрымлівалі яе.
Яе поспехі ў вучобе Лілія Ўладзіміраўна звязвае з любоўю да кнігі: Таццяна любіць чытаць і чытае многа. Таццяне падабаюцца матэматыка, фізіка, таму сваю будучую прафесію яна звязвае з тэхнічнымі спецыяльнасцямі.
Таццяна – сапраўдны лідар, які ўмее павесці за сабой, які карыстаецца павагай ў аднакласнікаў і педагогаў, ініцыятар і актыўны ўдзельнік класных і школьных спраў. Дзяўчына лёгка ўмее знайсці агульную мову не толькі з аднагодкамі, але і з малымі, і з дарослымі.
А яшчэ яна пастаянны ўдзельнік школьнай самадзейнасці, спявае і танцуе. Таццяна не аднойчы брала ўдзел у раённых і абласных песенных конкурсах, перамагала ў іх.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Так склалася, што Ганне Скрыпкінай давялося за адзінаццаць год памяняць не адну школу. Адзінаццаты клас дзяўчына заканчавала ў Шумілінскай СШ №1. І закончыла, трэба сказаць, бліскуча, запісаўшы тым самым сваё імя ў скарбонку залатых медалістаў школы.
Куды збіраецца паступаць, Ганна пакуль замоўчвае. Усё, кажа, будзе залежыць ад вынікаў тэстаў, але абавязкова гэта будзе звязана з фізікай і матэматыкай. Канешне, у ідэале хацелася б паступіць у сталічную ВНУ…
Якія рысы характару дапамаглі дзяўчыне дабіцца поспехаў? Настойлівасць, уменне ставіць мэту і ісці да яе, актыўнасць, лёгкасць у зносінах, упэўнены настаўнікі. «Мне проста шанцавала, што на маім шляху сустракаліся цудоўныя людзі. Яшчэ больш пашанцавала, што я трапіла ў профільны 11 “Б”, што маім класным кіраўніком стала Марозава Святлана Уладзіміраўна, што мне трапіліся настаўнікі матэматыкі і фізікі Т. П. Рафальская і Г. І. Рашэтнікаў, якім я ўдзячная за падтрымку, – кажа Ганна. – Я ніколі не забуду свой выпускны клас і школу, якая дала мне магчымасць атрымаць за свае веды залаты медаль».
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №45 ад 12. 06. 2015 г.