Лебедзі вучаць вернасці
На возеры Дабея ўбачылі такую карціну: на беразе сядзіць рыбак, адной рукой трымае вуду, а другой адшчыпвае батон і кідае яго лебедзям. Асцярожна, каб не спужаць птушак, мы падышлі да самага берага. Лебедзі падплылі так блізка, што працягнеш руку – і дакранешся да іх беласнежнага пер’я. Прызнацца, першы раз так блізка бачыла птушак. Што і казаць: прыгажуны!
“Гэта лебедзі-шыпуны, – патлумачыў шумілінскі рыбак Анатоль Камісараў. – Завуцца так таму, што шыпяць, калі ім нешта не падабаецца або калі бачаць для сябе рэальную пагрозу. На Дабейскім возеры жыве з дзясятак лебедзяў. Яны не баяцца людзей, бо прывыклі да іх. Мы шкадуем гэтых прыгожых птушак, падкормліваем. Мясцовыя рыбакі – народ добры, нікому ў галаву не прыйдзе пакрыўдзіць лебедзяў. У лебядзінай пары кожны год бывае па пяць-шэсць лебедзянят. Спачатку яны знешне нагадваюць качанят. І вельмі цікава назіраць, як яны забіраюцца на спіну да маці і плывуць, быццам на караблі”.
У гэты дзень на Дабейскім возеры было багата аматараў рыбнай лоўлі. Яны расказалі, што лебедзі прыляцелі сёлета на Шумілінскае возера, возера Зыскі, а таксама на азёры Лескавічы, Будавесць, Мурожніца, Сасноўскае і Школьнае. Па расказах рыбакоў, лебедзі заўсёды плаваюць па парах і ўвогуле ніколі не разлучаюцца. Людзям б браць з іх прыклад. Мабыць, менавіта таму некаторыя маладыя пары сталі прыязджаць на возера да лебедзяў. Ну, і няхай сабе. Галоўнае, каб вясельныя картэжы не пакідалі пасля сябе смецце, не кідалі бутэлькі ў ваду.
Пакуль мы размаўлялі, лебядзіная пара грацыёзна адплыла ад берага. І здалёк птушкі заварожвалі сваёй беласнежнай прыгажосцю. Стала цікава, колькі ж лебедзяў прылятае да нас у раён. “Такіх звестак у нас няма, лебедзяў ніхто не пералічвае, – расказаў начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Г. М. Кісялевіч. – Але можна сказаць дакладна, што лебедзі жывуць на чыстых вадаёмах. Лебедзь-шыпун важыць больш за дзесяць кілаграмаў, размах крылаў – да двух метраў. З аднаго боку, гэта добра, што чалавек шкадуе птушку. Але ўсё ж такі не трэба прывучаць яе да рук і да нестандартнай ежы, бо гэта стымулюе птушак заставацца на зімоўку. А лютай зімой яны могуць загінуць”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №45 ад 12. 06. 2015 г.
Подкармливая лебедей их приучают к паразитическому образу жизни, это приводит к тому, что они теряют навыки самостоятельной добычи пищи и тупо гибнут. Мозг включайте иногда. На Свислочи таким образом тысячи уток существуют,не улетают, а если ядреная зима? Вопли на всех ресурсах-спасите!!!!!!!!