Лето в зените. Солнце в зените. Репортаж о жизни и жите

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Субота, 17 ліпеня. Лета ў зеніце. Сонца ў зеніце. Паліць няшчадна. Здаецца, і само паветра плавіцца, запавольваючы ўсё, што адбываецца побач. Вось работнікі Дома культуры настройваюць апаратуру, папраўляюць сцягі ля імправізаванай сцэны. Паветра паглынае ўсе гукі, і яны рухаюцца бясшумна, як бы плывуць.
А гэта бібліятэкары ставяць кнігі на выставу пра хлеб. Яны ведаюць, што механізатарам і ўсім сёння не да чытання, але ведаюць і тое, што і сто, і тысячу гадоў таму людзі сеялі і жалі хлеб. І даўным-даўно заўважылі, што словы жыць і жыта — аднакарэнныя, пра што і напісана ў гэтых кніжках.
Побач Дом Рамёстваў выстаўляе саламяныя і лазовыя званочкі, кошыкі, кветкі, скарбонкі. Як удала яны тут глядзяцца. Вядома ж, — радня з гэтым спелым пшанічным полем, якое стаілася ў чаканні Зажынак. Каласы ціхенька звіняць, перашэптваюцца, пазіраючы на магутныя камбайны, застыўшыя на ўскрайку поля.
А над полем, шырока раскінуўшы крылы, ляціць бусел, аглядае зверху, ці ўсё ў парадку, ці ўсё гатова.
Гатова ўсё. І поле як бы адчыняе вароты святу, шчодраму і хвалюючаму — раённым Зажынкам. Зажынкі спраўляюцца ў “Лаўжанскім”. Поле за Мікіціхай злева. Яно хутка напаўняецца шумам прыязджаючых машын, галасамі, музыкай, песнямі, хваляваннем.
“Сапраўды хвалюючы момант, — кажа, адкрываючы свята, кіраўнік раёна Вальдэмар Антонавіч Падляшчук. — Колькі зроблена, колькі недаспана начэй дзеля таго, каб сёння магутныя караблі-камбайны пайшлі ў поле і ў бункеры пачаў сыпацца хлеб.
Няхай гэты хлеб будзе добрым і шчодрым”, — пажадаў Вальдэмар Антонавіч.
Але перш чым камбайны, у поле выходзяць жнеі з сярпамі, у такіх жа кашулях і спадніцах, як некалі нашы бабулі. Яны схіляюцца ў паклоне перад спелымі каласамі, зажынаюць першы сноп. Кланяючыся, аддаюць яго гаспадару поля — кіраўніку ААТ “Лаўжанскае” А. В. Аляксеенку. Яму пачэсна і адказна. Ён абяцае, што гаспадарка, якая толькі за апошнія два гады атрымала 58 адзінак тэхнікі, не падвядзе. І механізатары ёсць надзейныя.
Вось яны, сур’ёзныя, упэўненыя, прыбраныя ў майкі і кепкі з беларускай сімволікай, бадзёрыя (быццам, спёка — драбяза, на якую проста не варта звяртаць увагі). Частуюцца караваем — і ў добры шлях. Адзін за другім выводзяць камбайны ў поле — убіраць ураджай. Было ж працы: пасеяць, дагледзець, вырасціць. Цяпер бы ўбраць без страт і перашкод. Каб да Дажынак Шумілінскі раён прыйшоў з пышным важкім караваем.
Аліна ПЯТРОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *