Выездной суд: «Не хочу идти домой», — говорит 10-летний сын непутёвой мамаши

Закон Общество

“Не хачу ісці дадому”
На выязным судовым пасяджэнні, якое праходзіла ў вёсцы Язвіна, 32-гадовую Таццяну А. пазбавілі бацькоўскіх правоў у адносінах да яе 10-гадовага сына.
Аказалася, Таццяна і выхаванне сына – рэчы несумяшчальныя. Чаму суд прыняў такое жорсткае рашэнне? Яна забывала  хлопчыка пакарміць, дагледзець. Маці не хвалявалася, калі малы не прыходзіў дадому, а начаваў у цёткі ці ў сяброў, якім казаў проста: “Не хачу ісці дадому”.
Затое Таццяна ніколі не забывалася на спіртное, якое стала для яе галоўным сэнсам жыцця. Яна прызналася на судзе, што піць пачала з 15 (!) год. Нічога ў жыцці не змянілася і пасля нараджэння сына. Ёй было ўсё роўна, галоўнае, каб бутэлька была… А пасля таго, як Таццяна запіла і перастала хадзіць на работу, было прынята рашэнне забраць хлопчыка ў Обальскі сацыяльны прытулак. І зноў-такі, нічога ў яе жыцці не змянілася: як піла, так і працягвала піць, яшчэ і прагулаў стала болей.
З’ездзіць да сына – навошта? За шэсць месяцаў толькі два разы (!) яму патэлефанавала. А таму ў слёзы, якія пусціла Таццяна падчас судовага пасяджэння, ніхто не паверыў. Не маглі прысутныя, якіх даволі многа сабралася ў памяшканні Язвінскага клуба, змірыцца з тым, што маці можа быць такой абыякавай да лёсу свайго роднага сына…
Як паведаміў памочнік пракурора раёна В. М. Казлоў, судовыя пасяджэнні для грамадзянкі Таццяны А. яшчэ не закончаны: “Пракуратурай раёна разглядаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы ў адносінах да А. Бо яна, як абавязаная асоба, здзейсніла больш за 10 прагулаў за тры апошнія месяцы. Згодна з Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, ёй пагражае пакаранне да аднаго года пазбаўлення волі”.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №10 ад 8.02.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *