На полі шчыруюць Алегі Барысевічы
На мінулым тыдні ў большасці гаспадарак раёна стартавала касавіца. Пачалі не толькі падкошваць пашы, але і здрабняць траву на сянаж, нарыхтоўваць сена. ААТ “Лаўжанскае” першым у раёне прыступіла да нарыхтоўкі кармоў.
На мінулым тыдні мы сустрэліся з дырэктарам гаспадаркі А. А. Кавальчыкам. “Касавіцу пачынаем фінансава цяжка, – расказаў Аляксей Аляксеевіч. – Не хапае грошай на запчасткі, невялікі запас паліва. Разам з тым шукаем шляхі выхаду. Механізатары настроены на плённую работу, бо ведаюць: нарыхтоўка кармоў – залог добрага малака, а, значыць, і заробку. Перш за ўсё стараліся адрамантаваць тую тэхніку, якая задзейнічана на касьбе травы на корм. Так, Пётр Бардзюкоў адным з першых адрамантаваў свой “Ягуар” і вось ужо каторы дзень працуе на палетках. Некалькі трактароў адвозяць зялёную масу на жывёлагадоўчы комплекс і на ферму Рашэтнікі. Каб накарміць жывёлу, кожны дзень патрэбна 120 тон травы”.
Але, акрамя дня сённяшняга, гаспадарцы варта дбаць і пра будучую зімоўку. Па плану першым укосам трэба скасіць 1936 гектараў травы. “Варта нарыхтаваць 20 тысяч тон сенажу і 2800 тон сена, – удакладняе намеснік дырэктара па вытворчасці В. І. Селязнёў. – У нас працуюць два кормаўборачныя камбайны, тры навясныя дыскавыя касілкі, рулонны прэс-падборшчык, трактары на адвозцы. Пачалі нарыхтоўваць сена ў вакуумнай ўпакоўцы. Хочаце паназіраць за гэтым працэсам – едзьце на поле ля Рашэтнікаў”.
Праз некалькі хвілін мы былі ўжо на полі. Разнатраўе тут узнялося даволі густа, у такой сакавітай траве ўтрымліваецца вялікая колькасць вітамінаў, тлумачаць аграномы. А каб іх захаваць, механізатары ААТ “Лаўжанскае” ўзялі на ўзбраенне новыя тэхналогіі, правераныя практыкай у мінулыя гады. Маецца на ўвазе нарыхтоўка сена і сенажу ў стрэйч-плёнку. На полі засталі два механізатары, як ні дзіўна, абодва Алегі Барысевічы. Яны не толькі цёзкі, але і далёкія родзічы. Толькі вось імёны па бацьку ў механізатараў розныя: адзін – Мікалаевіч, другі – Валер’евіч.
Алег Мікалаевіч працуе з дыскавай касілкай, за дзень перавыконвае даведзены план у два разы: скошвае па 12-14 гектараў. Падвяленую траву зграбаюць у валкі Анатоль Чэклін і Аляксандр Склярэнка. Затым прыступае да работы Алег Валер’евіч. У яго новы рулонны прэс-падборшчык, які ўпакоўвае сянаж у стрэйч-плёнку. Дарэчы, адзіны ў нашым раёне. З дапамогай гэтай тэхнікі трава збіраецца, прасуецца і ўкручваецца ў стрэйч-плёнку. І на скошаным полі адзін за адным з’яўляюцца беласнежна-серабрыстыя рулоны. Яны ствараюць сенажаці прывабна-святочны выгляд. Мы паспрабавалі скрануць з месца адзін з рулонаў – ідэальна роўны і шчыльны. “Не старайцеся, адзін рулон важыць пяцьсот кілаграмаў, – усміхнуўся механізатар. – Большую вагу зрабіць не дазваляе камп’ютар, устаноўлены ў кабіне трактара. Усяго за дзень атрымліваецца да двухсот рулонаў – у залежнасці ад ураджайнасці травы”.
Спецыялісты гаспадаркі расказалі, што сена не рэкамендуецца сушыць больш за два дні. На самой справе часта атрымліваецца, што з-за дажджоў сена і тыдзень на полі ляжыць. А тэхналогія прасавання ў стрэйч-плёнку дазваляе за адзін дзень спрасаваць у рулоны падвяленую траву, атрымліваецца самае каштоўнае сена першага класа. Да таго ж, работа менш працаёмкая: рулоны можна працяглы час захоўваць на палетках, бо плёнка даволі ўстойлівая да сонечных прамянёў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №44 ад 09.06.2015 г.