Наш пляж
Лета з першых дзён стараецца адпавядаць свайму прызначэнню. І чым мацней прыпякае сонца, тым актыўней мы будуем планы на адпачынак ля вады. Не ўсе выбіраюць моры і акіяны, многія едуць і на наш пляж, мясцовы. У раёне пяць маляўнічых азёр афіцыйна вызначаны як месцы для адпачынку. За ўсімі азёрамі замацаваныя прадпрыемствы, якія стараюцца зрабіць пляжы камфортнымі для нашага там знаходжання. Нагадаем, што гэта азёры Шумілінскае, Круглік, Лескавіцкае, Будавесць і Разван. Работа па добраўпарадкаванні пляжаў вядзецца ўсімі адказнымі прадпрыемствамі.
Кантрольнае падвядзенне вынікаў гэтай работы зрабіў намеснік старшыні райвыканкама В. В. Доктараў у чацвер, 4 чэрвеня, з кіраўнікамі адказных арганізацый і прадстаўнікамі зацікаўленых службаў. У прыватнасці, дырэктар УП ЖКГ І. К. Штуро абяцаў арганізаваць на Шумілінскім возеры валейбольную пляцоўку, падвезці пяску для пляжа і зрабіць пясочніцу для дзяцей. Усё астатняе ўжо ёсць. Там жа аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама павінен быў устанавіць лёгкаатлетычныя брусы, згодна з адпаведным рашэннем райвыканкама. Дарэчы, з 15 мая да 15 верасня на Шумілінскім возеры пастаянна дзяжураць матросы-выратавальнікі.
Возера Круглік ПМК-70 атрымала ў спадчыну ад ПМС у самым, што называецца, першародным выглядзе. Там вельмі прыгожа, але ж стаялі пэўныя патрабаванні да камфартабельнасці пляжа. Дырэктар ПМК-70 А. Ю. Крыўко сказаў, што цяпер на возеры ёсць туалет, распранальня, лаўкі, кантэйнеры.
Старшыня раённай арганізацыі “Таварыства ратавання на водах” А. С. Шарафутдзінаў паведаміў, што дно ўсіх азёр было абследавана вадалазамі і купацца там можна без асцярогі. З усімі работамі па добраўпарадкаванні сваіх пляжаў справіліся лясгас, ДРБУ-204 і райгаз, адзначыў Аляксандр Сафаравіч.
Было вырашана, што ўсе заўвагі, якія засталіся, будуць выпраўлены да панядзелка, а значыць, што ўжо сёння ўсе адзначаныя пляжы гатовы прымаць жадаючых адпачыць. І ўсё б выдатна, але ж многае залежыць і ад нас з вамі, ад таго, ці зможам мы з удзячнасцю і беражліва паставіцца да прадастаўленых нам даброт.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №44 ад 09.06.2015 г.