Самае галоўнае для яго – сям’я
Напярэдадні прафесійнага свята – Дня меліяратара – мы сустрэліся з меліяратарам-перадавіком машы-ністам бульдозера Шумілінскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм Мікалаем Юр’евічам Барысавым.
– Чым ганарыцеся?
– Адразу так і не скажаш, чым ганарышся. Напэўна, сваім жыццём. Нікога не крыўдзіў, не зневажаў. Жыву, як кажуць, з мазаля. Трыццаць гадоў працую на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм. Працягнуў сямейную дынастыю: бацька Сяргей Міхайлавіч працаваў экскаватаршчыкам, а маці Марыя Людвігаўна – ягоным памочнікам. У мінулыя гады я рупіўся на карчавальніку, на розных бульдозерах. Другі год працую на новым кітайскім бульдозеры. Тры дзясяткі гадоў карчую кустоўе, раўняю зямлю пасля меліярацыі, раблю планіроўку, разбіваю кавальеры – так завуцца земляныя валы.
Ганаруся тым, што мяне паважаюць на рабоце, што некалькі гадоў таму ўдастоены звання “Ганаровы меліяратар Рэспублікі Беларусь”.
Ганаруся тым, што ў далёкай маладосці служыў у арміі. Яна змяніла мой характар у лепшы бок, навучыла таварыскасці і адказнасці. Служыў я ў Казахстане, у вольны час мы, салдаты, вудзілі рыбу. Помню, як на шнур злавіў сома вагою ў 60 кілаграмаў. І нават сёння з асаблівай цеплынёй згадваю гэту рыбалку.
Самае галоўнае для мяне, асаблівая мая гордасць, мой надзейны тыл – гэта сям’я. Жонка Ірына, сыны Жэня, Юрый і Павел, дачка Дзіяна. Лічу, што мы з жонкай жывем жыццё не дарэмна, бо выхавалі чацвярых дзяцей. Горды тым, што дзеці выраслі дастойнымі людзьмі.
– Пра што марыце?
– Грандыёзных мар у мяне няма. Ёсць самыя звычайныя, прыземленыя: каб сябры не падводзілі і заўсёды прыходзілі на дапамогу, каб здароўе было добрым. Галоўнае, каб у сям’і было шчасце, каб добра жылі старэйшыя сыны, каб дачка атрымала запатрабаваную прафесію, каб родныя не хварэлі і часцей ўсміхаліся. Каб унучак, якога ўсе з нецярпеннем чакаем, нарадзіўся здаровенькім.
Мару, каб прадпрыемства меліярацыйных сістэм выйшла з крызісу і было прыбытковым, каб у людзей былі годныя зарплаты.
Асабіста для сябе хачу набыць новы веласіпед. Маленькая, але мара, галоўнае – рэальна дасягальная.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №43 ад 05.06.2015 г.