Семінар у Палаце прадстаўнікоў
На мінулым тыдні дэпутацкі актыў нашага раёна накіраваўся ў сталіцу. Па ініцыятыве старшыні раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікавай і пры падтрымцы дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах У. У. Шыцько ў Мінску быў арганізаваны выязны семінар-нарада.
У рабоце семінара ўдзельнічалі дэпутаты раённага Савета дэпутатаў, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, а таксама дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад Віцебскай вобласці.
Парламентарыі падзяліліся вопытам работы ў Палаце прадстаўнікоў, расказалі пра заканатворчую дзейнасць, пазнаёмілі з перспектыўнымі праектамі законаў, якія зараз абмяркоўваюцца ці рыхтуюцца ў Нацыянальным сходзе Беларусі. Адбылася адкрытая, зацікаўленая размова паміж дэпутатамі Парламента краіны і мясцовых Саветаў дэпутатаў.
Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па бюджэце і фінансах Л. А. Дабрыніна праінфармавала дэпутатаў мясцовых Саветаў аб парадку фарміравання рэспубліканскага бюджэту, аб удакладненнях і змяненнях у ім. Планаваць бюджэт краіны, а значыць і рэгіёнаў, мяркуецца не толькі на адзін год, а на 2-3 гады, гэта дазволіць працаваць і на месцах з улікам перспектывы, асабліва пры выкананні дзяржаўных праграм па розных накірунках, якіх зараз дзейнічае 79, агульнае фінансаванне іх патрабуе не менш 23 трыльёнаў рублёў. Работа над праектам бюджэту краіны заўжды ідзе ў цесным супрацоўніцтве з мясцовымі дэпутатамі, адзначыла Людміла Анатольеўна.
Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Г. П. Грыцкевіч падкрэсліў, што дэпутаты ўсіх узроўняў павінны працаваць на абарону інтарэсаў выбаршчыкаў, пастаянна трымаць сувязь з імі, выступаць са справаздачамі. Генадзь Паўлавіч спыніўся на пытаннях заканатворчай дзейнасці, расказаў пра новыя палажэнні выбарчага заканадаўства, якія будуць дзейнічаць ўжо сёлета на выбарах Прэзідэнта краіны.
А. У. Цацоха, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы, паведаміў пра работу ў камісіі над праектамі законаў аб фізічнай культуры і спорце, аб медыцынскім абслугоўванні, аб турызме, аб здаровым і бяспечным харчаванні. Аляксандр Уладзіміравіч расказаў, што кожны дэпутат абавязкова працуе з выбаршчыкамі ў сваёй акрузе, прыязджаюць людзі з рэгіёнаў і да дэпутатаў у сталіцу. Трэба зразумець і дапамагчы кожнаму чалавеку, якому такая дапамога патрэбна.
У сустрэчы з шумілінскай дэлегацыяй удзельнічалі таксама дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў М. М. Волкаў і В. П. Папко.
Ад імя ўсіх членаў дэлегацыі І. М. Новікава шчыра падзякавала дэпутатам Парламента за цікавую і плённую сустрэчу, за разуменне праблем нашага раёна і яго падтрымку. На памяць аб сустрэчы парламентарыям былі ўручаны сувеніры работы обальскіх майстроў-керамістаў.
На пачатку дня для дэлегацыі нашага раёна была наладжана экскурсія па будынку Дома ўрада, якую правёў супрацоўнік сакратарыята Палаты прадстаўнікоў В. В. Гамеза. Ён падрабязна расказаў пра будаўніцтва Дома ўрада ў 30-я гады, паведаміў цікавыя і малавядомыя факты пра гісторыю будынка. У ходзе агляду выставы госці даведаліся пра гісторыю парламентарызму ў нашай краіне, агледзелі арыгіналы дакументаў, экспанаты, якія тычацца розных перыядаў фарміравання нацыянальнага парламента нашай краіны.
Незабыўнае ўражанне на членаў шумілінскай дэлегацыі пакінуў музей Вялікай Айчыннай вайны. “Шляхамі вайны” – такую назву носіць прадстаўленая ў музеі экспазіцыя. З зала ў залу разгортваюцца жахлівыя крокі вайны. Перад наведвальнікамі музея – яркія карціны ваенных будняў: “Танкавы таран”, “Паветраны бой”, “Абарона брэсцкай Крэпасці, “Пераправа”, “Партызанскі лагер”… Дапоўненыя фігурамі ўдзельнікаў, з дапамогай сучасных тэхналогій гэтыя эпізоды нібы ажываюць перад вачыма, пакідаючы адчуванне сапраўднай рэчаіснасці.
Цікавай выдалася экскурсія ў Нацыянальную бібліятэку Рэспублікі Беларусь. Аб’екты такога маштабу і значэння пакідаюць пачуццё гонару за краіну, тым больш, што ў музеі і бібліятэцы ёсць уклад кожнага з нас, бо ўзводзіліся гэтыя будынкі ў тым ліку і за сродкі, заробленыя на суботніках.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №42 ад 02.06.2015 г.