В Шумилинском районе мастера не забыли, как делать коромысло

Мир увлечений Общество

Паміж двух мораў мосцік ляжыць
Бадай, большасці вяскоўцаў у нашым раёне зараз зручна хадзіць за вадой: непадалёк калонка ці калодзеж. А ў некаторых і водаправод праведзены ў дом. Раней такіх даброт не было. Добра калі на вёску быў адзін калодзеж. Ды і тое з яго бралі ваду толькі для харчовых патрэб. А для гаспадарчых хадзілі на рэчку ці возера. А каб лягчэй было насіць ваду, карысталіся каромыслам.
Зараз каромысел убачыш нячаста.  Але мы знайшлі на вёсцы людзей, якія не толькі карыстаюцца каромыслам, але і робяць яго сваімі рукамі. “Паміж двух мораў на мясных гарах мосцік ляжыць, – кажа, хітра ўсміхаючыся  В. П. Яцук з вёскі Гаравыя, што на Каўлякоўшчыне,. – Гэта загадка, народная мудрасць, можна сказаць – некалькімі словамі так трапна сказана пра каромысел.  Раней у кожнай хаце быў каромысел: для мужчыны – вялікі, для жанчыны –  меншы. Рабілі каромыслы і для хлопчыкаў-падлеткаў, якія былі першымі бацькавымі памочнікамі. Лічылася, што сіла ў чалавека да тых часоў, пакуль ён зможа насіць на каромысле вёдры з вадой”.
Валянцін Паўлавіч расказаў, што ягоны дзядуля і бацька калісьці рабілі каромыслы, ад іх навучыўся і ён. Зрабіў для сябе два штукі – і досыць, лічыць гаспадар. Бо добры каромысел адслужыць паўсотню гадоў.
У вёсцы Новазаронава мы сустрэліся з Л. П. Цімчанкам (на здымку). Ён  на каромысле насіў ваду з рэчкі Аўсянкі, каб напаіць свайго каня.  “Так лягчэй, бо нагрузка размяркоўваецца на два плячы, – кажа гаспадар. – На каромысле  ў нашай вёсцы прынята насіць і бульбу ў бурты, і бялізну паласкаць на рэчку”.
Як высветлілася, Леанід Пятровіч таксама  робіць каромыслы. “Такім рамяством займаюся больш за дваццаць гадоў, – расказаў гаспадар. – Лічу, што каромысел зрабіць не так ужо і цяжка. Трэба хоць крыху разумець у сталярнай справе.  Звычайна для вырабу каромысла бяруць бярозу ці арэшнік. Але я аддаю перавагу ліпе: калі высыхае, яна становіцца вельмі лёгкай, і гэта зручна. З дапамогай сякеры раблю выемку для плячэй, потым шліфую – каб каромысел быў гладкім. На краі прымацоўваю металічныя  кручкі – каб зручна было чапляць вёдры. Затым трэба пакрыць каромысел аліфай,  пафарбаваць у любы колер. Зверху нават можна ўпрыгожыць разьбой”.  Леанід Пятровіч расказаў, што ягоным каромыслам часта карыстаецца сусед. Вось і вырашыў мужчына зрабіць яму падарунак – узяўся майстраваць новы каромысел. Даўно не займаўся гэтым рамяством, але рукі не забыліся.
Ад жыхароў Новазаронава мы даведаліся пра старажытныя прыкметы, звязаныя з гэтым прыстасаваннем. Аказваецца, раней каромыслам забаранялася біць карову, бо яна будзе ялаўкай. А цяжарнай жанчыне нельга было пераступаць каромысел, бо дзіця можа нарадзіцца гарбатае. Сёння наўрад ці ведае хто пра гэтыя прыкметы. Ды і паспрабуй яшчэ знайдзі той каромысел, які моладзь адносіць ужо да музейных рэчаў – не паедзеш жа спецыяльна ў Новазаронава ці Гаравыя.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №42 ад 02.06.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *