Заядлые рыбаки Рыбаковы

Мир увлечений Семья

Акунёк і шчупачок,  калі ласка, на кручок!
Андрэй Рыбакоў колькі сябе памятае заўсёды быў фанатам рыбалкі. А як жа па-іншаму? Ды і прозвішча ў яго самае падыходзячае. Любоў да рыбалкі прывіў бацька, які часта па выхадных спяшаўся на прыроду, каб адпачыць, назіраючы за манеўраваннем паплаўка. Маленькі Андрэй, гледзячы на бацьку, вырашыў і на сабе праверыць карысную для здароўя сілу рыбалкі. Паступова ўцягнуўся, і вось ужо 25 гадоў гэта яго захапленне. Спачатку лавіў на вуду, потым справа дайшла і да спінінга.
– Рыбалка для мяне – гэта адпачынак, магчымасць пабыць сам-насам з прыродай і са сваімі думкамі. Гэта лад жыцця – гаворыць Андрэй Рыбакоў.  Зараз на маім рахунку ўжо больш за 100 шчупакоў. Даводзілася лавіць рыбу на разнастайных вадаёмах. Самая вялікая здабыча, на якую пакуль пашчасціла, – васьмікілаграмовы сом і дзесяцікілаграмовы шчупак.
Амаль два гады таму ў Андрэя ўзнікла ідэя стварыць рыбалоўную супольнасць у Шумілінскім раёне.  Аб’яднаць тых, для каго рыбалка – гэта і хобі, і адпачынак, і запал!  “Рыбак рыбака бачыць здалёку!”. Вось так 17 снежня  2013 года і нарадзілася група – “Шумілінскі рыбалоўны клуб”. Група для сапраўдных знатакоў рыбнай лоўлі, а таксама для аматараў актыўнага адпачынку.
Спаборніцтвы па рыбалоўстве для Рыбаковых – справа гонару. Да іх рыхтуюцца загадзя, ацэньваюць свае магчымасці, стараюцца не выдаваць уласных сакрэтаў сапернікам. Самым запамінальным для ўдзельнікаў і хвалюючым для арганізатараў было правядзенне 16 жніўня 2014 года на возеры Будавесць (вёска Башні Шумілінскага раёна) спаборніцтваў па лоўлі драпежнай рыбы спінінгам з лодак. Перамогу ў спаборніцтвах святкаваў бацька Андрэя – Ю. М. Рыбакоў.
– Гэта у нас сямейнае, – усміхаецца Юрый Міхайлавіч, заядлы рыбак і аматар рыбных страў. – Я сына ў гэтым захапленні поўнасцю падтрымліваю: яму гэта падабаецца, а ў нас у халадзільніку заўсёды ёсць свежая рыба.
Бацька і сын Рыбаковы – звычайныя людзі, якія працуюць на чыгунцы на станцыі Лоўжа. У адной брыгадзе. Бацька – брыгадзір, а Андрей – манцёр пуці. Але ў іх аднолькава ліхаманкава гараць вочы падчас гутаркі пра рыбалку. Яны могуць гадзінамі стаяць каля вітрын рыбалоўных крам, разглядаючы навінкі, ці глядзець тэлеперадачы пра рыбалку.
– Пакуль нічога мяняць у жыцці не хочацца, – адказвае малады чалавек на пытанне пра планы на будучыню. – Работа падабаецца, сям’я і жыллё ёсць, на зарплату не скарджуся. І запаветная мара ў мяне ёсць – выцягнуць самага вялікага акуня.
Вольга КОЦІКАВА, няштатны карэспандэнт.
Надрукавана ў №39 ад 22.05.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *