Лыжня-2011. На старце – 25 каманд
У мінулую суботу аматараў лыжаў традыцыйна віталі Лескавічы. Шматлікія ўдзельнікі і балельшчыкі, а некаторыя арганізацыі прывезлі з сабой групы падтрымкі, шчыра радаваліся магчымасці адпачыць на свежым паветры. Спаборніцтвы сабралі 25 каманд з 23 арганізацый раёна (ЦРБ і “Шумілінскі райаграсэрвіс” выставілі па дзве каманды).
Удзельнікаў магло быць больш, ды некаторыя няўважліва аднесліся да Палажэння аб першынстве, прыехалі не ў поўным складзе і не былі дапушчаны да спаборніцтваў. Раённае першынство па лыжах сёлета змяніла свой фармат: замест індывідуальнай гонкі арганізатары прапанавалі змешаную эстафету. У каманду ўваходзілі трое мужчын і дзве жанчыны, кожны павінен быў прабегчы тры ці два кіламетры адпаведна.
Розны ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў і эстафетны фармат абвастрыў барацьбу, бо перамога ў першым этапе не была гарантыяй, што калегі па камандзе здолеюць утрымаць лідзіруючыя пазіцыі. Таму барацьба разгарнулася сур’ёзная і пераможцы вызначыліся толькі ў канцы спаборніцтваў.
Першае месца заняла зборная каманда аддзела адукацыі (Караленка Антаніна, Кучко Уладзімір, Рудоў Пётр, Сафончык Яўген, Шніпава Марына).
На другім – каманда ААТ “Лаўжанскае” (Вашчанка Эрык, Кірыдон Віктар, Корбан Галіна, Лажкова Вольга, Курносаў Павел), на трэцім – каманда ААТ “Прыазёрны мір” (Данчанка Алег, Кузняцоў Яўген-ст., Кузняцоў Яўген-мал., Пясецкая Анастасія, Сімко Жанна).
Святочную атмасферу дапамагалі ствараць работнікі аддзела культуры. Шумілінскія кааператары частавалі ўсіх традыцыйнымі поліўкай і шашлыкамі, іншымі прысмакамі.
Зімовае свята атрымалася. Свежае паветра, музыка, спартыўны дух спаборніцтва садзейнічалі выкіду адрэналіну ва ўсіх, хто прысутнічаў. Удзельнікі раз’язджаліся, але не развітваліся з лескавіцкай лыжнёй. Наступны раз сустрэча адбудзецца 19 лютага, калі тут пройдзе “Беларуская лыжня”, дзе можна будзе паспаборнічаць у індывідуальнай гонцы і вызначыць мацнейшых лыжнікаў раёна. Былі прапановы і па арганізацыі раённага спаборніцтва на будучае: правесці асобныя эстафеты для мужчын і жанчын, бо не ўсе арганізацыі могуць падаць змешаную каманду, а таксама праводзіць масавы старт, каб не прыходзілася мерзнуць ў чаканні сваёй чаргі.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №8 ад 1.02.2011 года