Ад экзотыкі да дасканаласці
Вавінам в’ет во дао на Шуміліншчыну “прывезла” Святлана Бараноўская. Наша зямлячка дасягнула ў гэтым ўсходнім адзінаборстве значных поспехаў: яна сярэбраны і бронзавы прызёр чэмпіянату свету і Еўропы, 15-кратная чэмпіёнка Беларусі. Экзатычнай барацьбой займаецца шэсць гадоў, а гады чатыры назад пачала і трэніраваць іншых. Першыя трэнерскія крокі рабіла ў Віцебску.
А вось у родным мястэчку Святлана пабойвалася набіраць дзяцей для заняткаў вавінам в’ет во дао. Як сама прызналася, не ведала, ці зацікавіць маленькіх шумілінцаў такі від спорту. Але рызыкнула: восенню набрала дзетак у аб’яднанне па інтарэсах “Асновы спартыўных адзінаборстваў” пры раённым Цэнтры дзяцей і моладзі. І малыя адразу пацягнуліся да маладога трэнера. Зразумела, што найперш прывабіла экзотыка гэтага віду спорту, яго прыгажосць. Праўда, ужо праз некалькі заняткаў выхаванцы зразумелі, што асноўную філасофскую ідэю вавінам в’ет во дао – шлях да дасканаласці – можна дасягнуць толькі праз трэніроўкі і напружаную працу.
Святлана Бараноўская – максімаліст ва ўсім. Такі яна спартсмен, такі яна і трэнер. І гэта даспадобы яе выхаванцам, бо яны бачаць, што самі з дапамогай трэнера могуць дасягнуць многага. Пры сваёй патрабавальнасці трэнер Бараноўская тонкі псіхолаг, яна цудоўна разумее дзяцей (а ў групе займаецца 20 хлопчыкаў ад 7 да 12 гадоў), адчувае іх настрой.
У Шуміліне Святлана працуе менш чым год, але гэтага часу хапіла, каб пра шумілінскіх юных спартсменаў пачалі гаварыць не толькі ў вобласці, а і ў рэспубліцы. Шумілінскія выхаванцы Бараноўскай – пастаянныя пераможцы і прызёры абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Прычым, у дзвюх катэгорыях – “тэхніка” і “паядынак”. Зараз двое яе выхаванцаў кандыдаты ў склад зборнай Беларусі, якая адправіцца восенню ў Бельгію на чэмпіянат Еўропы па вавінам в’ет во дао сярод дзяцей. Дарэчы, любое спаборніцтва для С. Бараноўскай сапраўднае выпрабаванне, яна ніяк не можа поўнасцю прызвычаіцца да ролі трэнера. “Самой прасцей выходзіць на дыван, – усміхаецца Святлана. – А так перажываю за кожнага свайго вучня, бо яго памылка – гэта мая недапрацоўка…”
Разлічвае Святлана Бараноўская і на “золата” чэмпіянату свету ці Еўропы. Для яе няважна, выйграе яна сама ці яе выхаванцы, бо ў любым выпадку да гэтай узнагароды яна будзе мець самае непасрэднае дачыненне.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №37 ад 15.05.2015 г.