Галоўнае свята гэтай вясны – 70 год вялікай Перамогі
Усе мы вельмі чакалі і доўга рыхтаваліся да свята, галоўнага свята гэтай вясны – 70-годдзя Вялікай Перамогі. І мы зрабілі ўсё для таго, каб нашым дзедам і прадзедам не было сорамна за сваіх нашчадкаў. Усё – ад сонечнай майскай раніцы да апошняй іскры ў феерверку – было ў гонар міру на зямлі, у імя ўсёпераможнага шчасця, сцвярджэння жыцця як самай галоўнай каштоўнасці быцця.
Мы душой і сэрцам далучыліся да светлага мая 45-га, радаваліся і плакалі, віншавалі са святам сяброў і незнаёмцаў, вялі дзетак да Вечнага агню. Гэты дзень даў кожнаму з нас нейкае асабліва выразнае ўсведамленне важнасці міру на сваёй зямлі. Нашаму міру – 70. І мы будзем яго берагчы. Мы – тут, на зямлі. І яны, героі вайны, – дапамагаючы нам з нябёсаў.
Гэта мы адваявалі мір
Хвіліна маўчання і мірныя залпы ў гонар Перамогі, языкі полымя Вечнага агню і яркае полымя з цюльпанаў, словы ўдзячнасці ветэранам і абяцанне стваральнай працай мацаваць заваяваны імі мір – ля брацкіх могілак у Шуміліне прайшоў тэатралізаваны мітынг “Ля вечнага агню”.
“Гады не ўладарныя над памяццю. З часам мы ўсё больш ясна ўсведамляем веліч гістарычнага подзвігу савецкага салдата, які выратаваў ад фашызму не толькі сваю Айчыну, але і ўсё чалавецтва”, – пранікнёна выступаў на мітынгу У. П. Куранны, кіраўнік раёна. Ён паабяцаў, што мы, сучаснікі, будзем рабіць усё магчымае, каб імёны герояў не сцерліся ў вяках.
“Я як удзельнік і сведка вайны добра ведаю, што галоўную ролю ў разгроме нямецкіх войскаў сыграў Савецкі Саюз”, – Васілю Патапавічу Кажамякіну (на здымку), ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, вельмі балюча назіраць, што нехта бярэ на сябе смеласць перапісаць гісторыю вайны. А наша сумленне чыстае, як слёзы, якіх у гэты дзень пралілася нямала.
Сыну Айчыны
Святочныя мерапрыемствы з нагоды 70-годдзя Перамогі пачаліся 8 мая з адкрыцця памятных знакаў і мемарыяльных дошак у гонар воінаў-землякоў, воінаў-вызваліцеляў Шуміліншчыны ад фашысцкай навалы.
У Шуміліне быў урачыста адкрыты памятны знак нашаму земляку капітану Д. В. Мясаедаву, які сваёй працай узнімаў гаспадарку раёна да і пасля вайны, які прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну з першага яе дня.
Вырас ад курсанта вайсковага вучылішча да капітана, камандзіра роты разведчыкаў. Старонкі біяграфіі Дзмітрыя Васільевіча Мясаедава згадаў старшыня райвыканкама У. П. Куранны, які стаў ініцыятарам устаноўкі помніка славутаму шумілінцу. “Сапраўдны сын сваёй Айчыны, які не шкадаваў жыцця за яе. Ваенны шлях капітана Мясаедава адзначаны ордэнамі Айчыннай вайны першай і другой ступеняў, ордэнам Чырвонай Зоркі. Ён заўжды быў наперадзе, атрымаў шмат ран, якія і пакарацілі ягонае жыццё”, — адзначыў У. П. Куранны.
Адзін з аўтараў манумента скульптар А. І. Гвоздзікаў расказаў, што для стварэння помніка яны з І. У. Казаком выбралі той эпізод, калі рота капітана Мясаедава ўзняла чырвоны сцяг на “Доме спецыялістаў” у вызваленым Віцебску.
Старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў В. І. Жандараў успомніў яшчэ адзін баявы эпізод з біяграфіі Д. В. Мясаедава, калі разведчыкі пад камандаваннем Мясаедава разам з сапёрамі Блахіна не дапусцілі знішчэння моста праз Заходнюю Дзвіну ў Віцебску. “Як афіцэр, я разумею, што найскладанейшая задача па захопу моста была даручана самаму вопытнаму падраздзяленню – разведчыкам, якімі камандаваў наш зямляк. Ягоны подзвіг дастойны самага высокага звання”, – сказаў Валерый Іванавіч.
Пад гукі маршу да помніка земляку шумілінцы ўсклалі кветкі і вянкі. Але галоўнае, што ягоны подзвіг, ягонае жыццё застануцца ў нашай памяці.
Сустрэча з ветэранамі
У цёплай сяброўскай атмасферы прайшла раніцой 9 мая сустрэча старшыні райвыканкама У. П. Кураннога з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. К. В. Мацвеенка, А. Н. Пятрова, Р. М. Бяззубенка, П. З. Лемешаў успаміналі свае франтавыя і партызанскія будні, узгадвалі пасляваенныя гады. Яны выказвалі падзяку за клопат дзяржавы, раённых уладаў да ветэранаў.
“Сёння, як ніколі, разумееш, што самае галоўнае – гэта мір на зямлі. Мы бясконца ўдзячныя вам за ваш подзвіг, за тое, што мы, нашы дзеці і ўнукі маем магчымасць жыць пад ясным мірным небам, – сказаў кіраўнік раёна. – Памяць пра воінаў, якія загінулі за свабоду і незалежнасць краіны, будзе ў нашых сэрцах заўжды”.
У гонар разведчыкаў-шубінцаў
Напярэдадні Дня Перамогі на будынку Мішневіцкай школы была адкрыта памятная мемарыяльная дошка разведчыкам 348-га стралковага палка 51-ай стралковай дывізіі на чале з камандзірам групы разведчыкаў Георгіем Георгіевічам Шубіным, удзельнікам вызвалення Шуміліншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У святочным мерапрыемстве, якое адбылося ў Мішневіцкай школе, удзельнічала старшыня райсавета дэпутатаў І. М. Новікава. З Падмаскоўя прыехалі дачка камандзіра роты разведкі 51-ай дывізіі Н. Г. Шубіна і дачка разведчыка У. А. Мілічэнкі – З. У. Блінова. Палачанін М. Г. Панкрат, вядомы калекцыянер м мецэнат, выступіў спонсарам вырабу мемарыяльнай дошкі і аўтарам кнігі “Узвод пешай разведкі”, якую прэзентаваў пасля мерапрыемства.
Святочны канцэрт падрыхтавалі мішневіцкія школьнікі.
Лётчыку Посахаву прысвячаецца
70-годдзе Вялікай Перамогі ўрачыста адзначылі ў аграгарадку Мікіціха. Сюды прыехала шмат гасцей – з расійскіх Яраслаўля і Пермі, з казахстанскай Астаны. Гэта дзеці і ўнукі герояў-вызваліцеляў, якія загінулі за Перамогу і пахаваны на шумілінскай зямлі.
На брацкіх могілках мітынг. Старшыня Лаўжанскага сельскага Савета С. П. Кійко і кіраўнік мясцовай сельскай гаспадаркі А. А. Кавальчык віншуюць ветэранаў, дзякуюць ім за Перамогу. А ветэран Вялікай Айчыннай Алена Нікадзімаўна Пятрова-Пігулеўская чытае вершы пра вайну.
У нізкім паклоне схіліўся перад беларусамі Аляксандр Цыбін з Пярмі за тое, што тут так шануюць памяць вызваліцеляў, даглядаюць магілы (тут у Мікіцісе пахаваны і яго бацька). А пазней, на канцэрце, ён станцуе для жыхароў Мікіціхі самую сапраўдную чачотку.
Госці з Астаны прывезлі на брацкія могілкі жменьку зямлі з Казахстана – для свайго бацькі, дзеда і прадзеда, якія спачывае ў брацкай магіле, а часцінку беларускай зямлі павязуць у Казахстан.
Усе выступаючыя перакананы, што галоўнае на свеце – мір і шчаслівыя ўсмешкі дзяцей. Дзеля гэтага ваяваў і гінуў савецкі салдат. І тут, на брацкіх могілках, урачыста прымаюць дзяцей у піянеры, і юныя беларусы шчыра запэўніваюць, што будуць свята любіць і берагчы сваю Радзіму.
Урачыстасці працягваюцца ля Мікіціхінскай школы. Тут адкрываецца мемарыяльная дошка ў гонар удзельніка вызвалення Шумілінскага раёна Ігара Паўлавіча Посахава. Асаблівую шчымлівасць моманту дадае прысутнасць на мерапрыемстве яго дачкі.
Намеснік старшыні райвыканкама А. П. Быкаў ад імя раённай улады віншуе ўсіх прысутных з 70-годдзем вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, падкрэслівае, што барацьба за мір ніколі не губляла і не згубіць сваёй актуальнасці.
Пад царкоўныя званы
Велічна і ўрачыста прайшло святочнае шэсце ў Обалі. Узначаліў калону аўтамабіль з дзяржаўным сцягам Беларусі і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Калі шэсце праходзіла ля царквы, цішыню разарваў царкоўны звон.
Былі ўскладзены кветкі каля стэлы-абеліску ў гонар обальскіх падпольшчыкаў, на могілкі, дзе пахаваны сёстры Лузгіны і Герой Савецкага Саюза П. А. Відэнка.
На мітынгу, які прайшоў на брацкіх могілках, прысутнічалі чатыры ветэраны Вялікай Айчыннай вайны – В. П. Кажамякін, М. А. Банкетаў, З. Ц. Малькова і Н. Р. Сабаршова. Старшыня Обальскага сельсавета Мікалай Будневіч павіншаваў усіх з вялікім святам Перамогі і выказаў словы падзякі ветэранам. Словы падзякі за Перамогу, за мірнае неба гучалі ад кіраўнікоў обальскіх прадпрыемстваў, грамадскасці.
“Ёсць у фарбах Перамогі адценне вайны” –
тэатралізаваны канцэрт пад такой назвай ладзіўся на сцэнічнай пляцоўцы ў гарадскім парку. Артысты лёгка прымяралі на сябе вобразы мінулай вайны, прымушалі гледача плакаць, прапускаць праз сэрца горыч страт, што прынесла вайна. І ў той жа час радавацца – міру, шчасцю і добрай песні, якая, вядома, і жыць дапамагае.
Шуміліншчына гасцінная
Вайна ўходзіць ад нас усё далей і далей. Але дзеці, унукі і праўнукі памятаюць пра бессмяротныя подзвігі сваіх бацькоў і дзядоў. Больш за 60 гасцей з Казахстана, Расіі (Масква, Санкт-Пецярбург, Разань, Перм, Яраслаўль, Грозны) прыехалі на шумілінскую зямлю ў год юбілею Перамогі, каб пакланіцца магілам продкаў, сказаць “дзякуй” шумілінцам за ўшанаванне памяці іх родных.Мы сустрэлі іх як самых блізкіх людзей, зрабілі ўсё, каб чыстымі і светлымі былі іх успаміны пра наш край і людзей.
Выставы
Ля гісторыка-краязнаўчага музея ў Дзень Перамогі грала патэфонная музыка ваенных гадоў, якая дапаўняла выставу “Родную зямлю адстаялі”, прысвечаную вызваліцелям раёна і вобласці, у гонар якіх сёлета на Шуміліншчыне ўстаноўлены памятныя знакі і мемарыяльныя дошкі.
Побач размясцілася выстава “Дзякуй вам за Перамогу”, прысвечаная ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія пражываюць на тэрыторыі нашага раёна. На выставе “Салдацкі прывал” можна было ўбачыць плашч-палатку, гармонік, самаробную запальнічку, зробленую з гільзы, салдацкую фляжку і іншыя рэчы ваеннага часу.
Завітаць на кніжную алею запрашалі работнікі раённай бібліятэкі. Яны арганізавалі выставы кніг “Дзякуй за Перамогу” і “Вайна. Перамога. Памяць”. Побач працавала народная літаратурна-музычная гасцёўня “Крыніца”.
Работнікі Дома рамёстваў падрыхтавалі выставу народнай творчасці “Мой родны край пад небам жураўліным” , у якой удзельнічалі народны клуб “Спадчына” і народны клуб «Разынка».
Былі наладжаны выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, працаваў бульвар юных мастакоў, арганізавана выстава плакатаў і малюнкаў «Мы – за мір!».
Футбольная перамога
Не пашкадавалі тыя, хто прыйшоў на гарадскі стадыён на святочную таварыскую гульню па футболе паміж камандамі ФК “Шуміліна” і “Атлетык” (Віцебск). У такі святочны дзень каманды яўна не хацелі прайграваць, таму і паказалі неблагую гульню. Перамаглі ва ўпартай барацьбе з лікам 4:3 нашы футбалісты (хет-трыкам вызначыўся лепшы ігрок сустрэчы Іван Бярэднікаў, яшчэ адзін гол забіў Пётр Лазука). Сваю перамогу на футбольным полі ФК “Шуміліна” прысвяціў 70-годдзю Вялікай Перамогі.
Агонь як сімвал вечнай памяці
Агонь валодае цудоўнымі ўласцівасцямі. Ён ачышчае, прасвятляе, ён захоўвае і нясе інфармацыю. Але ён жа і спапяляе… Мы гэта дакладна ведаем. Мы лёгка чытаем мову агню. Як сцямнела, Вечны агонь, здаецца, разляцеўся на сотні маленькіх палымяных язычкоў, і светла стала ў алеі герояў, на брацкіх могілках. Ад агню і ад памяці, якой верная моладзь Шумілінчыны, што наладзіла акцыю “Свечка памяці”. А полымя, набраўшы моц, узляцела ў неба, узарваўшы яго тысячамі мірных выбухаў. Такога феерверку у Шуміліне яшчэ не было. Ён стаў прыгожай кропкай у шчырых і радасных народных гуляннях у гонар юбілею Вялікай Перамогі!
Мір – дзецям
70 год без вайны. Дзякуй ветэранам, нашым дзедам і прадзедам за такі неацэнны падарунак! Дзякуй ім за іх бессмяротны подзвіг у імя жыцця! Ужо некалькі пакаленняў вырасла на шчаслівай мірнай зямлі. І няхай вайна застанецца толькі ў іх памяці. Няхай яны абавязкова пра яе ведаюць, бо пакуль жыве памяць, будзе жыць народ і будзе берагчы мір. І няхай дзеці і дзеці нашых дзяцей будуць ведаць пра вайну толькі па фільмах, кнігах і фотаздымках, па ўспамінах родных. А ажываць ваенныя падзеі будуць толькі ў вершах, малюнках, дзіцячых хлапечых гульнях.
Надрукавана ў №36 ад 12.05.2015 г.