На парозе армейскага жыцця
У мінулую сераду ў райцэнтры прайшоў Дзень прызыўніка. 27 нашых землякоў папоўняць рады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Пяць шумілінскіх хлопцаў будуць служыць у 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгадзе (Віцебск), дванаццаць – у 19-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгадзе (Заслонава), тры – у спецназе Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь (Мінск), тры – у батальёне Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь (Полацк), адзін – у пагранічных войсках (Смаргонь), трое нашых землякоў будуць праходзіць службу ў рэзерве.
“Адказны крок у маім жыцці, – дзеліцца Сяргей Аўчыннікаў, які будзе праходзіць службу ў рэзерве. – Да арміі маю непасрэднае дачыненне. Працую інжынерам у віцебскім канструктарскім бюро “Дысплей”, дзе займаемся распрацоўкай сучасных ваенных робатаў. Мажліва, падчас сваёй службы сутыкнуся і з нейкімі нашымі распрацоўкамі”.
Традыцыйна мерапрыемства пачалося каля раённага ваеннага камісарыята, дзе не толькі прызыўнікі, а і прадстаўнікі раённай улады і грамадскіх аб’яднанняў, вучні школ, сябры, знаёмыя, сваякі і бацькі прызыўнікоў. Пад гукі духавога аркестра калона прайшлася на цэнтральных вуліцах Шуміліна.
На брацкіх могілках – мітынг. Сённяшняя моладзь ніколі не забудзе пра загінуўшых за незалежнасць Бацькаўшчыны і будзе годна працягваць слаўныя традыцыі дзядоў і прадзедаў. У гэтым упэўнены першы сакратар райкама ГА БРСМ А. Ю. Хмарын і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава.
У гарадскім Доме культуры, дзе прадоўжылася мерапрыемства, старшыня раённай прызыўной камісіі, намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў выказаў упэўненасць, што і сённяшнія прызыўнікі годна будуць служыць у арміі. Анатоль Мікалаевіч падкрэсліў, што служба ў арміі не толькі пачэсная, але важная і адказная місія.
Пра армію расказалі ваенны камісар раёна А. Г. Чарняўскі і актывіст раённай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” палкоўнік Р. К. Юхневічус. Іх афіцэрскі наказ быў асабліва каштоўны для будучых салдат. У добры шлях благаславіў хлопцаў благачынны цэркваў Шумілінскай акругі протаіерэй Фёдар Пучынскі.
Кожны прызыўнік атрымаў павестку з датай адпраўкі ў вайсковую часць, якую ўручыў ваенны камісар раёна А. Г. Чарняўскі. Дапоўніў мерапрыемства святочны канцэрт.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.