Педагогі не толькі вучаць, а яшчэ спяваюць і дэкламуюць вершы
Стала традыцыяй, што раз у два гады педагогі Шуміліншчыны збіраюцца на творчы фэст, каб прадэманстраваць перад калегамі і журы свае вакальныя і музычныя здольнасці. І пацвердзіць тым самым, што сярод настаўнікаў шмат таленавітых артыстаў, спевакоў, дэкламатараў. Улічваючы той факт, што сёлета наша краіна святкуе 70-годдзе Вялікай Перамогі, тэматыка фестывалю мастацкай самадзейнасці педагагічных работнікаў была відавочная – тэма Вялікай Айчыннай вайны.
Творчы марафон сабраў у актавай зале Шумілінскай СШ №1 78 удзельнікаў з 22 устаноў адукацыі раёна. Гэтымі сіламі быў арганізаваны канцэрт з 29 нумароў, які быў падзелены на некалькі намінацый: “Песня (саліст-вакаліст)”, “Песня (вакальная група)”, “Лірычны твор” і “Літаратурна-музычная кампазіцыя”.
Перад пачаткам фестывалю перад удзельнікамі выступілі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. В. Мянькова і старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі Г. П. Раманенка, якія павіншавалі са святам творчасці, з надыходзячым святам Вялікай Перамогі і пажадалі ўдалага творчага выступлення і асалоды ад канцэрта.
Трэба сказаць, што прыемных уражанняў і эмоцый аказалася дастаткова. Ад некаторых выступленняў ажно сціскалася сэрца і на вочы міжволі праступала сляза. Ды і як можна раўнадушна слухаць такія легендарныя творы ваеннай тэматыкі, як “Балада пра маці”, “Цішыня”, “Плач маці”, “Даль вялікая”, “Мой мілы, калі б не было вайны”! А як не ацаніць майстэрскае выкананне “Рэквіема па кожным чацвёртым” Анатоля Вярцінскага ці верша В. Паліканінай “Удава”!
Ва ўсіх намінацыях былі абраны лепшыя выканаўцы і ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі. Так, у намінацыі “Песня (саліст-вакаліст)” 1 месца ў настаўніцы з СШ №1 М. Лазаравай (песня “Калі вы песні на Зямлі спяваеце”), 2 месца падзялілі П. Паскіна са Слабадской СШ (“Плач маці”) і Л. Дзятлава з Мішневіцкай СШ (“Даль вялікая”), 3 месца – у Л. Кавалеўскай з Мішкавіцкай школы (“Ветэранам мінулай вайны”).
У намінацыі “Песня (вакальная група)” 1 месца прысуджана дуэту з д/с №3 і №4 (“Балада пра маці”), 2 месца – калектыву з Обальскага д/с і СШ (“Папуры на песні ваенных гадоў”), 3 месца падзялілі Мішневіцкія педработнікі (“Цішыня”) і мужчынская вакальная група з Башнёўскай СШ (“Макі”).
У намінацыі “Лірычны твор” лепшым чытальнікам названа настаўніца С. Калеснікава са Слабадской школы, якая ўразіла ўсіх прысутных выкананнем “Рэквіема”, 2 месца ў настаўніцы А. Зуевай з СШ №1 (верш «Удава»), 3 месца – Т. Лапавухавай з Мікіціхінскага д/с (верш “Матуліна каханне”).
Намінацыя “Літаратурна-музычная кампазіцыя” была прадстаўлена двума калектывамі: Мікіціхінскай СШ (“З чаго пачынаецца памяць”) – 1 месца, і Обальскай СШ (“У шашанскіх лясах”) – 2 месца.
Быў прысуджаны на фестывалі і прыз сімпатый гледачоў – у гэтай намінацыі пераможцай удзельнікі і гледачы фестывалю назвалі настаўніцу з СШ №1 Т. Рубіну, якая проста скарыла публіку сваім шчырым лірычным выступленнем.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №34 ад 05.05.2015 г.