Мамина школа: как воспитывать мальчиков?

Духоўнае Семья

Як выхоўваць хлопчыкаў?
А розніца сапраўды ёсць. Так, вядома, што да нейкага ўзросту дзеці не ўсведамляюць сваёй палавой прыналежнасці: і хлопчыкам, і дзяўчынкам у аднолькавай меры патрэбны ад нас, бацькоў, толькі любоў і клопат. Але важна не ўпусціць той момант, з якога хлопчык павінен выхоўвацца як хлопчык, а дзяўчынка, адпаведна, як дзяўчынка.
Зараз адусюль крычаць пра тое, што мужчыны аслабелі, абмялелі і наогул вывеліся як від. Адны сядзяць на шыі ў жонак ці мамак, другія п’юць і гуляюць, трэція цвік у сценку не заб’юць. Сёння гэты “класічны” рад дапаўняюць яшчэ і камп’ютарныя ігракі. Вядома, што і з жанчынамі не ўсё так проста, але ж мы пра мужчын.
Ёсць вялікае жаданне – не памыліцца ў нечым важным, бо, чым старэйшы становіцца твой уласны сын, тым больш ясна разумееш, што гадуеш ты яго для іншай жанчыны. І яму будзе куды лягчэй жыць, калі яго вобраз зможа ўпісацца ў рамкі традыцыйных уяўленняў пра мужчыну.
У грамадстве паступова склалася сістэма, калі мужчына не ўспрымаецца як партнёр. Сёння нярэдка маці гадуе дзяцей адна. Яна або не замужам, або мае настолькі кволага ў маральным плане мужа, што спадзявацца на яго ўдзел у выхаванні не прыходзіцца. Выхаванне лічыцца жаночай справай. Мужчыны, то на вайне, то на рэвалюцыі, то да іншай пайшлі – гэта неяк замацавалася на ўзроўні менталітэту. А таму, нават калі ўсё, здаецца, добра, у жанчын ёсць адчуванне, што мужчынам нельга давяраць. Няхай яны там “ваююць”, а з дзецьмі мы ўжо самі як-небудзь справімся. І вобраз мужчыны адсоўваецца (які, дарэчы, для дзяўчынак важны не менш, чым для хлопчыкаў). І хлопчык пачынае глядзець на свет жаночымі вачамі, што вядзе да няправільнай ідэнтыфікацыі сябе ў асяроддзі.
Ва ўспрыняцці рэальнасці ёсць адзін прынцыповы гендарны падтэкст: мужчына вырашае свае праблемы праз дзеянне, а жанчына – праз перажыванне. Няцяжка ўявіць, што хлопчык з няправільным успрыняццем вельмі хутка становіцца сваім у кампаніі дзяўчынак, а значыць, істотна скарачае свае шанцы заваяваць мужчынскую тэрыторыю.
Наогул тут варыянтаў шмат, і адзін другога пераплёўваюць. Часта маці разам з сынам пачынае “сябраваць” супраць мужчын, якія прыносяць столькі гора. Не трэба тлумачыць, што з гэтага можа атрымацца? Бывае, маці пачынае фарміраваць з дзіцяці “мужа” для сабе. Ёй, да прыкладу, не хочацца замуж, ляніва ёй, і яна пачынае даводзіць, маўляў, у мяне ужо ёсць мужчына, ён мой абаронца, ён мне ніколі не здрадзіць. Ці яшчэ лепш: ён забараняе мне зноў выходзіць замуж. Уявіце, наколькі непад’ёмны цяжар узвальвае яна такім чынам на сынавы плечы. І гэтак далей у тым жа духу. Пра гэта шмат пішуць псіхолагі, у прыватнасці, вядомы расійскі сямейны псіхатэрапеўт Вольга Троіцкая. Раю пачытаць.
Відавочна, што ўсе “дарослыя” праблемы заўжды бяруць пачатак у дзяцінстве. Таму для бацькоў вельмі важна сфарміраваць паміж сабой партнёрскія ўзаемаадносіны, правільна выконваць свае ролі, “не блытаць” дзіця, якому і без таго няпроста. Яно пастаянна счытвае інфармацыю, а таму толькі гарманічная сям’я – залог яго будучага шчасця. Дарэчы, для гэтага жанчыне неабавязкова быць замужам (жыццё па-рознаму складваецца). У сям’і напэўна ж знойдзецца станоўчы прыклад – дзядуля, сябар сям’і, дзядзька. А дзіця справіцца, яно возьме ўсё, што трэба, дайце толькі шанц. Вельмі важныя паважлівыя адносіны да мужчыны ў сям’і, да мужчын наогул. І нават, калі з першай спробы ўдаліся толькі дзеці, а са шлюбам неяк не атрымалася, маці і бацька могуць, нават, абавязаны заставацца раўнапраўнымі партнёрамі ў выхаванні дзяцей. Важна нават не тое, колькі канкрэтна часу бацька праводзіць з сынам, а тое, наколькі шчыра ён гэта робіць, наколькі гэта яму па-сапраўднаму цікава. Дзіця падмануць немагчыма, удаецца, як правіла, толькі сябе.
А наогул, самы верны спосаб вырасціць шчаслівае дзіця – быць шчаслівым самому.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №34 ад 05.05.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *