23 красавіка на сайтах БЕЛТА і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прайшла анлайн-канферэнцыя на тэму «Дзяржпадтрымка ветэранаў вайны». У ёй прынялі ўдзел міністр працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна, спецыялісты міністэрства.
У Беларусі ў I квартале абследаваны ўмовы пражывання 16,8 тыс. ветэранаў ВАВ
Аб гэтым паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна на анлайн-канферэнцыі. Ва ўсіх населеных пунктах рэспублікі штогод праводзіцца абследаванне матэрыяльна-бытавога становішча ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і асоб, якія пацярпелі ад наступстваў вайны. Прадстаўнікам гэтых катэгорый грамадзян аказваюць дапамогу ў рамонце кватэр, дамоў, надворных будынкаў, печаў, электраправодак, сантэхнічнага, газавага, электратэхнічнага абсталявання, устаноўцы пажарных апавяшчальнікаў. Вырашаюцца бытавыя праблемы — па апрацоўцы прысядзібных участкаў, забеспячэнні палівам, аказанні гуманітарнай дапамогі, прадастаўленні сацыяльных паслуг. Паводле слоў міністра, просьбы ветэранаў улічваюцца і выконваюцца ў адпаведнасці з планамі мерапрыемстваў, зацверджаных у выканкамах, гарадскіх адміністрацыях, сельскіх выканкамах.
Цяпер сацпаслугі дома прадастаўляюцца ўсім ветэранам і пацярпелым ад наступстваў вайны, якія маюць у іх патрэбу. Ім прадастаўляюць сацыяльна-бытавыя, сацыяльна-медыцынскія, сацыяльна-рэабілітацыйныя паслугі, паслугі сядзелкі і некаторыя іншыя віды сацпаслуг. «Мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ў адносінах да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і асоб, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў і знаходзяцца на абслугоўванні ў аддзяленнях сацыяльнай дапамогі дома, прымаюцца рашэнні аб устанаўленні льготных умоў сацабслугоўвання», — адзначыла Мар’яна Шчоткіна.
Цяпер у дамах-інтэрнатах для састарэлых і інвалідаў пражываюць 126 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і 129 грамадзян, якія пацярпелі ў гады вайны. Калі няма працаздольных дзяцей або яны з’яўляюцца інвалідамі першай і другой груп, то ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і грамадзяне, якія пацярпелі ў гады вайны, накіроўваюцца ў дамы-інтэрнаты на ўмовах дзяржзабеспячэння.
Адказваючы на пытанне аб забеспячэнні тэлефоннай сувяззю, Мар’яна Шчоткіна праінфармавала, што на 1 красавіка бягучага года няма ветэранаў ВАВ і асоб, пацярпелых ад наступстваў вайны, якія маюць патрэбу ва ўстаноўцы кватэрнага тэлефона. У мінулым годзе ўстаноўлены чатыры кватэрныя тэлефоны ветэранам Вялікай Айчыннай вайны.
У Беларусі 39 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны перасягнулі 100-гадовы рубеж
Паводле аператыўных даных на 1 красавіка бягучага года, у Беларусі пражываюць амаль 16,8 тыс. ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, з іх 11,3 тыс. чалавек — удзельнікі ВАВ, сярод якіх 3 тыс. з’яўляюцца інвалідамі вайны. На 1 красавіка ў рэспубліцы налічвалася 4,5 тыс. чалавек, узнагароджаных ордэнамі або медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную воінскую службу ў тыле ў гады вайны, а таксама 286 чалавек, якія працавалі на аб’ектах проціпаветранай абароны, будаўніцтве абарончых збудаванняў, прыфрантавых участках чыгунак і аўтамабільных дарог. У Беларусі на 1 красавіка было 73 чалавекі, якія прымалі ўдзел у складзе спецыяльных фарміраванняў у размініраванні тэрыторый і аб’ектаў пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў 1943-1945 гадах. У краіне жывуць больш за 600 блакаднікаў Ленінграда. У Беларусі налічваецца 832 інваліды з дзяцінства ў выніку ранення, кантузіі, калецтва, звязаных з баявымі дзеяннямі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны або з іх наступствамі. Членамі сем’яў загінуўшых воінаў і партызанаў з’яўляюцца 1,8 тыс. чалавек, былымі вязнямі фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых месц прымусовага ўтрымання — 24,9 тыс. чалавек.
Адказваючы на пытанне аб аказанні падтрымкі ветэранскім арганізацыям, Мар’яна Шчоткіна адзначыла, што ў адпаведнасці з падпраграмай «Сацыяльная падтрымка ветэранаў, асоб, пацярпелых ад наступстваў войнаў, пажылых людзей і інвалідаў» Комплекснай праграмы развіцця сацыяльнага абслугоўвання на 2011-2015 гады мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ажыццяўляецца ўдзел у фінансаванні мерапрыемстваў, што праводзяцца грамадскімі аб’яднаннямі ветэранаў у адпаведнасці з іх статутнай дзейнасцю. У 2014 годзе аказана дапамога ветэранскім арганізацыям на суму Br11 млрд.
У структуру Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў уваходзяць 6 абласных, Мінская гарадская, 12 галіновых, 11 гарадскіх, 142 раённыя і 6 тыс. 55 пярвічных ветэранскіх арганізацый.