Новости Шумилинского района

Актуалии Новости

Экатурызм
Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Казьянскі”, як паведаміла вядучы спецыяліст рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Казьянскі” С. А. Ільінец, набыў новыя палаткі, рукзакі і іншыя рэчы, неабходныя для турызму. Таксама ў “Казьянскім” з’явіліся 5 новых лодак. Гэта дапаможа развіваць у заказніку экатурызм.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Клопат
Лясным жыхарам цяжка прыходзіцца ў зімовых умовах. Каб падтрымаць жывёлу ў суровыя зімовыя месяцы, Шумілінскі лясгас арганізаваў у Казьянскай леса-паляўнічай гаспадарцы 23 комплексныя збудаванні. Для ласёў, казуль, зайцаў і кабаноў назапашана 105 тон зерня, ёсць саланцы, рэгулярна вядзецца падсечка асіны.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
На чарзе – Мікалаёва
Значныя работы запланаваны на гэты год у работнікаў раённага вузла электрасувязі. У ліку першаасноўных – замена міжстанцыйных ліній сувязі на валаконна-аптычныя, што значна палепшыць якасць сувязі і дасць магчымасць вяскоўцам карыстацца паслугамі высокахуткаснага доступу ў інтэрнэт і інтэрактыўным тэлебачаннем. Сёлета першая на чарзе – вёска Мікалаёва. Неўзабаве тут заменяць аналагавую станцыю на электронную.
Алена КАРПУШЭНКА.
Экстра-клас
У СФГ “Крыніца” на ферме Макаўе ў студзені ўпершыню пачалі даіць малако гатунку экстра-клас. Гэта стала магчымым дзякуючы новаму даільнаму абсталяванню, якое закупілі ў канцы мінулага года. Усяго за дзень на філіял ААТ “Малако” з “Крыніцы” паступае больш за тону высокаякаснага малака.
Рамонт КПП
У аграгарадку Мішневічы распачалі рамонт комплекснага прыёмнага пункта, што будзе размешчаны ў адным будынку з амбулаторыяй. Тут працуюць будаўнікі прыватнай арганізацыі “САВ-строй”. На КПП будуць цырульня, швейны цэх, міні-пральня. Як расказаў дырэктар райбыткамбіната В. П. Бабічаў, на рамонт пойдзе каля 37 мільёнаў рублёў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Песня
Прыемна здзівіў наш няштатны карэспандэнт Віктар Улюценка (творчы псеўданім Антон Параскевін). На гэтым тыдні ён завітаў у рэдакцыю газеты з новай песняй. Песня называецца “Казак” – даніна генетычным караням. Прычым, Віктар Васільевіч не толькі напісаў тэкст і музыку, але і з дапамогай ГДК запісаў песню на дыск. Дарэчы, з песняй “Казак” вы можаце азнаёміцца на 4-й паласе, хутка яна прагучыць і на раённым радыё.
У Лётцы – з канцэртам
Творчы калектыў гарадскога Дома культуры не стамляецца ўражваць новымі канцэртнымі праграмамі адпачываючы кантынгент санаторыя Лётцы. Вось і на гэтым тыдні, як паведаміла дырэктар Дома культуры М. І. Іванова, насельнікі Лётцаў шчыра віталі народныя калектывы Шумілінскага ГДК і групу “Шанс”. Дарэчы, адзін такі ваяж, адзначыла Марына Іванаўна, прыносіць у даходную скарбонку Дома культуры каля 300 тысяч рублёў.
Аліна КАНСТАНЦІНАВА.
Надрукавана ў №7 ад 28.01.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *