Пра алкагольны “бізнес”
Нягледзячы на тое, што ў прадуктовых магазінах вочы разбягаюцца ад разнастайнасці спіртных напіткаў, супрацоўнікам міліцыі і сёння прыходзіцца змагацца з самагоншчыкамі. Так, у гэтым годзе за незаконныя захоўванне і выраб самагону і самагоннай брагі складзена пяць адміністрацыйных пратаколаў, расказаў старшы інспектар прафілактыкі аддзялення аховы грамадскага парадку і прафілактыкі РАУС С. А. Кузняцоў.
Хто яны, самагоншчыкі? Гэта людзі розных прафесій і рознага ўзросту, вяскоўцы і гараджане. І гоняць самагон таксама для розных патрэб. Адны – для сябе, бо вельмі прыахвоціліся да гэтага “зелля”, іншыя – каб разлічыцца з суседам за нейкія паслугі, напрыклад, за ворыва агарода. “Некаторыя вяскоўцы проста ўпэўнены: калі самагон для ўласных патрэб, то яго і вырабляць можна, – кажа Сяргей Аляксандравіч. – Але гэта не так. Самагон увогуле гнаць забаронена. Нельга захоўваць у сябе дома і самагонны апарат. Часта сутыкаемся з праблемай: вяскоўцы кажуць, што такія апараты ім дасталіся ў спадчыну ад бабулі. Вось так і ляжаць у кладоўцы, пыл збіраюць. Але ж калі такі апарат будзе знойдзены міліцыянерамі – гаспадары атрымаюць штраф. Нават і ў тым выпадку, калі гэтым апаратам ніколі не карысталіся”.
Некаторыя жыхары раёна ўмудраюцца на самагоне яшчэ і грошай зарабіць. Як правіла, такі незаконны “бізнес” хутка закрываецца. У большасці выпадкаў “кропкі” па продажы спіртнога дапамагаюць міліцыянерам знайсці нераўнадушныя да правапарадку землякі. Вось і нядаўна аднаму з ўчастковых інспектараў РАУС патэлефанавалі вяскоўцы, паведамілі, што ля в. Ізгародзішча ў разбуранай ферме захоўваецца самагонная брага. Ананімны званок пацвердзіўся: у будынку былой фермы супрацоўнікі РАУС знайшлі 280 літраў самагоннай брагі, якая захоўвалася ў флягах, бочках і бутэльках. Каму належыць гэта “багацце” – міліцыянеры высвятляюць.
Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягваюцца не толькі тыя людзі, якія прадаюць самагон, але і тыя, хто яго купляе. І нядаўна ў райцэнтры быў зарэгістраваны такі выпадак. Цяпер прадаўцу і пакупніку пагражае штраф да пяці базавых велічынь з канфіскацыяй незаконнага спіртнога. А вось жыхару Грудзінава, які ў сябе дома захоўваў самагонны апарат і вырабляў самагон, пагражае штраф ў тры разы большы.
Па словах С. А. Кузняцова, зараз супрацоўнікі РАУС праводзяць праверку па пяці матэрыялах за захоўванне самагону. У жыхароў раёна канфіскаваны самагонныя апараты, а незаконнае спіртное адпраўлена на экспертызу.
Дарэчы, дастойны ўвагі вопыт мінскіх міліцыянераў па барацьбе з незаконным спіртным: супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў дамовіліся з работнікамі паштовых аддзяленняў накіроўваць да іх ананімныя запіскі, якія людзі кідаюць у паштовыя скрыні. Мінчане ведаюць, што ў такіх запісках можна паведаміць пра “кропкі” продажу спіртнога, пра суседзяў, якія гоняць самагон і іншыя парушэнні правапарадку. Як паказала жыццё, людзі сталі актыўна супрацоўнічаць з міліцыянерамі. Дык чаму б такі вопыт не пераняць супрацоўнікам РАУС?
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №32 ад 28.04.2015 г.
А вот в России к примеру самогонные аппараты официально продаются и имеют большой спрос на рынке. Ведь качественно выгнанная самогонка практически приравнена к хорошему виски и уж гораздо будет получше «чарнила» и многих сортов водки которые нам продают в магазине.
Режут слух слова — «чарнила» и многих сортов водки которые нам продают в магазине.То, что продают в магазине можно пить, хотя бы оно проверено на качество, а вот «самопалы»??? По поводу «чарнил», автору надо было родиться в Молдавии, чтобы пить благородные вина. А традиционные вина Беларуси это плодово-ягодные, так будьте немного патриотом и не гнобите вино.Нет просто культуры пития у некоторых, а у некоторых и культуры речи…