“На працягу месяца разлічымся”
Нядаўна ў час сустрэчы з гаспадарамі ў аграгарадку Мішневічы вяскоўцы падзяліліся сваім клопатам: не ведаюць, куды звяртацца, каб здаць цяля.
З гэтым пытаннем мы звярнуліся да галоўнага спецыяліста райсельгасхарчу А. В. Пруднікава. “Цялят прымае комплекс ААТ “Лаўжанскае”, – расказаў Аляксандр Васільевіч . – Цана за адзін кілаграм жывой вагі – 30 тысяч рублёў. Акрамя гэтага, за кожны кілаграм дзяржава даплачвае 3750 рублёў. Здатчыку цяляці неабходна звярнуцца ў дыспетчарскую сельгаспрадпрыемства, на тэрыторыі якога ён пражывае, і пакінуць сваю заяўку”.
Па словах дырэктара ААТ “Лаўжанскае” А. А. Кавальчыка, прадпрыемства сёлета мяркуе закупіць у насельніцтва не менш як дзвесце цялятак. Прымаюць не толькі бычкоў, але і цялушак.
Тыдзень таму “Лаўжанскае” ўжо выдзяляла машыну для прывозу цялят з вёсак Мікалаеўскага сельсавета. “Ад насельніцтва ў гэты дзень закупілі шэсць цялятак, – расказала заатэхнік гаспадаркі Л. У. Плаксіцкая. – Няхай не крыўдуюць гаспадары, што прыязджаем не адразу – мы чакаем, пакуль з гэтай ці хаця б суседніх вёсак будзе некалькі заявак. Таксама папярэджваем гаспадароў, што пажадана здаваць цяля да ста кілаграмаў. У каго больш важкае – за “лішнія” кілаграмы разлік вядзецца па меншай цане”.
Па словах А. А. Кавальчыка, многія вяскоўцы гатовы заключаць дагавор з ААТ “Лаўжанскае”, бо не вераць заезджым камерсантам. Пытаемся ў Аляксея Аляксеевіча, ці не паўторыцца горкі вопыт мінулага года, калі людзі не маглі дачакацца грошай за цялят. “У гэтым годзе мы перагледзелі тэрміны выплат – грошы людзі атрымаюць на працягу месяца, – кажа А. А. Кавальчык. – І на гэтыя ўмовы вяскоўцы згаджаюцца”.
Дарэчы, здаць цяля можна не толькі ў “Лаўжанскае”, але і іншыя сельгаспрадпрыемствы раёна. Напрыклад, за мінулы год лідарам быў ААТ “Прыазёрны мір” – сюды здалі 20 цялушак. “І сёлета гэта работа актывізавалася, – кажа галоўны эканаміст гаспадаркі Л. В. Баркоўская. – У нашу гаспадарку з ахвотай здаюць цялят. У калектыўным дагаворы пазначана, што ў такім разе будзе давацца бясплатна сена”.
Дарэчы, у некаторых гаспадарках прадугледжаны іншыя льготы для здатчыкаў, напрыклад, бясплатнае асемяненне каровы ці выпіска тэхнікі па льготнай цане.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №29 ад 14.04.2015 г.