5-классница Шумилинской СШ №1 Юлия Емельянова: о берёзке и верёвочке

Образование Экология

Бярозка і вяровачка
Ля вялікага шматкватэрнага дома расла бярозка. Адкуль яна з’явілася, невядома. Магчыма, вецер прынёс яе насенне і пакінуў у гэтым месцы, а магчыма, маленькі саджанец пасадзіў нейкі добры чалавек.
З невялікага дрэўца бярозка незаўважна пераўтварылася ў стройную прыгажуню. Вясной яна прыбіралася ў залацістыя завушніцы, а летам – у зялёныя разныя лісточкі. Восенню яе ўбор быў асабліва прыгожы і яркі. А зімой яе танюткія галінкі пакрываліся срэбнай шэранню.
Бярозка была цудоўная ў любую пару года. І ўсе, хто праходзіў побач, любаваліся ёй.
Аднойчы на бярозцы з’явіўся аркуш паперы, звычайны аркуш у клетачку са школьнага сшытка. Ён быў прывязаны да беласнежнага ствала ільняной вяровачкай. На аркушы дзіцячай рукой няроўнымі друкаванымі літарамі былі выведзены словы: “Людзі, не ламайце дрэвы!” І хаця бярозцы ніхто не рабіў шкоды, нечае дзіцячае сэрца хвалявалася за яе лёс.
Праз некалькі дзён аркуша не стала, а вяровачка засталася. Час ішоў. Бярозка ўсё расла і мацнела, усё таўсцей станавіўся яе ствол, а вяровачка, быццам ільняны паясок беласнежнага сарафана, усё больш шчыльна абдымала яе стан, а затым і наогул злілася з яе карой. Толькі кончыкі ільнянога паяска засталіся напамінкам пра дзіцячае пасланне.
Так і расце бярозка, круглы год радуючы людзей сваёй прыгажосцю. На яе ствале – кончыкі ільняной вяровачкі. Уважлівы прахожы заўважыць іх, здзівіцца, але ніколі не даведаецца іх сакрэт. А той, хто яго ведае, усміхнецца, успомніць аркуш, словы на ім і ніколі не пакрыўдзіць бярозку.
Юлія ЕМЯЛЬЯНАВА, вучаніца 5 “Б” класа СШ №1.
Надрукавана ў №28 ад 10.04.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *